У Беларусі скарэкціраваны законы аб дзейнасці рэлігійных арганізацый

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон, які карэкціруе законы па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый.

    Дакумент замацоўвае сучасныя падыходы ва ўзаемаадносінах дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі. У прыватнасці, прадугледжваецца павышэнне патрабаванняў для стварэння рэспубліканскага рэлігійнага аб'яднання: наяўнасць у яго складзе рэлігійных абшчын, якія дзейнічаюць ва ўсіх абласцях і ў Мінску.

    Павялічана таксама колькасць рэлігійных абшчын, неабходных для стварэння рэспубліканскага аб'яднання. Пры гэтым хаця б адна з іх павінна ажыццяўляць дзейнасць на працягу не менш як 30 гадоў.

    Прадугледжана магчымасць стварэння рэлігійнымі арганізацыямі структур па аказанні сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам, інвалідам, сацыяльнай рэабілітацыі залежных ад псіхаактыўных рэчываў, а таксама дзіцячых дамоў пры манастырах па ўзгадненні з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам.

    На працягу года пасля ўступлення ў сілу Закона павінна адбыцца перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый.