У Беларусі будзе павышана заработная плата медыцынскім работнікам

    Медыцынскім работнікам у Беларусі будзе павышана заработная плата за кошт устанаўлення стымулюючых выплат. Адпаведнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі Савету Міністраў замацавана ва Указе № 206 ад 21 чэрвеня 2022 года.

    Для рэалізацыі рашэння Прэзідэнта падрыхтаваны праект пастановы Міністэрства аховы здароўя, якім прадугледжана ўвядзенне з 1 ліпеня 2022 года новай дадатковай надбаўкі за работу ў сферы аховы здароўя ўсім катэгорыям медработнікаў. Гэта надбаўка будзе ўстанаўлівацца дыферэнцыравана ў залежнасці ад складанасці і інтэнсіўнасці выконваемай работы.

    Найбольш высокі яе памер прадугледжаны для ўрачоў і медыцынскіх сясцёр аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, участковай службы, прыёмных аддзяленняў бальніц, хуткай медыцынскай дапамогі, аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі.

    Указам таксама ўстаноўлена, што ў сувязі са стабілізацыяй у краіне эпідэміялагічнай сітуацыі па інфекцыі COVID-19, пераходам у звычайны рэжым работы ўстаноў аховы здароўя, адмяняюцца "кавідныя" надбаўкі медыцынскім работнікам.