Сустрэча з губернатарам Пскоўскай вобласці Андрэем Турчаком
- 1
Рэспубліка Беларусь і Пскоўская вобласць Расійскай Федэрацыі маюць намер нарошчваць узаемадзеянне па шырокім спектры напрамкаў. Аб гэтым 2 чэрвеня ішла размова на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Пскоўскай вобласці Андрэем Турчаком.
Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што ў цэлым тавараабарот Беларусі з Пскоўскім рэгіёнам невысокі. З 2012 года гэты паказчык зніжаецца, прытым што паміж Віцебскай і Пскоўскай абласцямі за апошнія пяць гадоў ён вырас больш як у 4 разы і складае каля $50 млн.
Беларускі бок, паводле слоў Прэзідэнта, ацэньвае візіт пскоўскай дэлегацыі як своечасовы і неабходны, паколькі сітуацыю ў гэтым плане трэба выпраўляць. У ліку перспектыўных сфер узаемадзеяння Беларусі і Пскоўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка назваў сельскую гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва. "Беларускія арганізацыі гатовы ўдзельнічаць у праектаванні і будаўніцтве жылых, вытворчых, спартыўных аб'ектаў, дарог з выкарыстаннем тэхнікі і матэрыялаў беларускіх вытворцаў", - сказаў Прэзідэнт."Лічу, што кіраўніцтва вобласці ў хуткім часе прыме рашэнне адносна пілотнага праекта па ўзвядзенні жылля сіламі беларусаў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такое супрацоўніцтва Беларусь прапануе многім расійскім рэгіёнам. "Гэта добры помнік нашага супрацоўніцтва. Лепшага помніка не прыдумаеш, таму што ў гэтых дамах будуць жыць людзі".
Беларускія спецыялісты гатовы прымяніць свае веды пры ўзвядзенні інфраструктурных аб'ектаў да чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў, які пройдзе ў Пскоўскай вобласці ў 2017 годзе. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вопыт у плане правядзення такіх спаборніцтваў, і прапанаваў гасцям азнаёміцца з пабудаванымі аб'ектамі.
У Пскоўскай вобласці плануецца маштабнае абнаўленне парку пасажырскай тэхнікі. З беларускімі аўтобусамі ў гэтым расійскім рэгіёне ўжо добра знаёмы, і, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, наша краіна гатова нарошчваць іх пастаўкі. Госці таксама выказалі зацікаўленасць у набыцці беларускай аўтамабільнай і камунальнай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што ў Пскоўскай вобласці актыўна ідзе мадэрнізацыя прамысловасці. "Калі вам спатрэбіцца наша станочнае абсталяванне для мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, мы таксама гатовы ў гэтым плане разам з вамі працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Яшчэ адна сфера, што адкрывае значныя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва - аргакомплекс. "Той вопыт, які мы збіралі па крупінках, мадэрнізуючы сельскую гаспадарку, думаю, ён вам спатрэбіцца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Так, Беларусь на аснове свайго вопыту гатова супрацоўнічаць з Пскоўскай вобласцю ў вырошчванні і перапрацоўцы лёну. "У савецкія часы Беларусь, гэтак жа як і Пскоўская вобласць, былі апорай вытворчасці такой прадукцыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў Пскоўскай вобласці актыўна займаюцца меліярацыяй зямель, а Беларусь ужо каторы год праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы, затрачвае на гэта немалыя сродкі. У будучым у краіне будуць толькі ўзмацняць гэты напрамак. Пад яго створана шмат тэхнікі. Набыты пэўны вопыт, якім беларускі бок таксама гатовы падзяліцца, заўважыў Прэзідэнт. Расійскі бок выказаў зацікаўленасць і ва ўзаемадзеянні ў частцы селекцыйнай работы, племянной жывёлагадоўлі.
Паводле слоў губернатара Пскоўскай вобласці, на Беларусь і Пскоўскую вобласць як на бліжэйшых суседзяў не распаўсюджваюцца звязаныя з граніцамі ўмоўнасці. "Пранікненне і гуманітарных, і эканамічных кантактаў маюць глыбокія гістарычныя карані", - лічыць Андрэй Турчак. Разам з тым, на яго думку, сёння настаў момант пашыраць і паглыбляць эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Пскоўскай вобласцю.