Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу

  • 22

Нацыянальныя інтарэсы Беларусь павінна адстойваць усімі даступнымі спосабамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

"Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што ваенныя метады па-ранейшаму застаюцца ў арсенале сродкаў вырашэння міжнародных праблем. Беларусь праводзіць міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку. У нашай краіны няма геапалітычных амбіцый. Аднак свае нацыянальныя інтарэсы мы павінны адстойваць усімі даступнымі спосабамі. Абапіраючыся як на ўласныя сілы, так і на ваеннае супрацоўніцтва з дзяржавамі - членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Без добра падрыхтаваных і аснашчаных Узброеных Сіл, падкрэсліў Прэзідэнт, не можа быць суверэннай Беларусі. Яны прызначаны забяспечваць тэрытарыяльную цэласнасць і стабільнасць дзяржавы. Адэкватна адказваць на ўзнікаючыя пагрозы, адкуль бы яны ні зыходзілі.

"Цяпер праводзіцца аптымізацыя сілавых структур. У войскі паступае сучасная ваенная тэхніка. Армія перастройваецца, прыстасоўваючыся да новых умоў вядзення проціборства і вайны. У войскі пастаўлены новыя самалёты Як-130, верталёты Мі-8, зенітныя ракетныя комплексы "Тор-М2". Прынята на ўзбраенне рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз". Паспяхова прайшлі дзяржаўныя выпрабаванні на беларускіх палігонах і паступаюць у войскі айчынныя браніраваныя аўтамабілі, радыёлакацыйныя станцыі, розныя тыпы беспілотных авіяцыйных комплексаў, рухомыя пункты кіравання, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта вам трэба будзе асвойваць усё новае і перадавое. Вам давядзецца абучыць усіх, хто будзе мець дачыненне да гэтых новых відаў узбраення. Эфектыўна вырашаць задачы па павышэнні ўзроўню баявой гатоўнасці, забяспечваць найвышэйшую вывучку і зладжанасць органаў ваеннага кіравання і войскаў".

Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" - гэта значны крок ва ўдасканаленні сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. "Многія з вас у верасні гэтага года прымуць удзел у сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". Гэта значны крок у падрыхтоўцы Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ва ўдасканаленні сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Важнае месца пры забеспячэнні нацбяспекі Беларусі адводзіцца таксама Міністэрству па надзвычайных сітуацыях. "Выпускнікам ВНУ сістэмы МНС трэба будзе прадоўжыць работы па абароне насельніцтва ад надзвычайных сітуацый і іх наступстваў. Выкарыстоўваць эфектыўныя спосабы рэагавання на ўзнікаючыя аварыі, катастрофы і стыхійныя бедствы. Палепшыць грамадзянскую абарону краіны і забяспечыць бяспеку пры будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі", - сказаў Прэзідэнт.

"З улікам узрастання тэрарыстычнай небяспекі ў свеце, актывізацыі незаконнай міграцыі, распаўсюджвання наркотыкаў, увозу зброі неабходна ўдасканальваць сістэму забеспячэння пагранічнай бяспекі дзяржавы, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Гэтыя ж рызыкі аказваюць істотны ўплыў на стан грамадскай бяспекі. У сувязі з гэтым сур'ёзнага паляпшэння патрабуе работа органаў унутраных спраў па гарантаванні бяспечнага жыцця і дзейнасці грамадзян".

Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці афіцэраў усіх сілавых ведамстваў Прэзідэнт назваў выхаванне ў падначаленых пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны дзяржавы.

На ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт уручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам сілавых ведамстваў. Пагоны генерал-маёра ўручаны Аляксандру Церахаву, Алегу Маткіну і Генадзю Ляпешку. Намесніку Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандру Багдзевічу прысвоена персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу.

Кіраўнік дзяржавы таксама аб'явіў Падзяку Прэзідэнта Беларусі 16 выпускнікам вышэйшых ваенных навучальных устаноў за выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку. У ліку адзначаных ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, унутраных войскаў МУС, органаў дзяржаўнай бяспекі і супрацоўнікі МНС.

"Вельмі хацелася б, каб у вашым жыцці гэта было добрым пачаткам і прыкладам для ўсіх не толькі прысутных, але і тысяч тых ваеннаслужачых, якія прызваны абараняць нашу зямлю", - звярнуўся Прэзідэнт да афіцэраў.

"Я жадаю вам галоўнага - здароўя. Немалаважна, каб у вас былі нармальныя тылы. Каб вы ніколі не мелі праблем, вяртаючыся з цяжкай воінскай службы да сябе дамоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.