Цырымонія ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу

  • 8
Бяспека і стабільнасць - вышэйшыя каштоўнасці беларускага народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 лютага на цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу.

"Сёння ў Беларусі адзначаецца адно з найбольш значных для краіны свят - Дзень абаронцаў Айчыны, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Самаадданая воінская праца заўсёды была ў асаблівай пашане ў нашага народа. У барацьбе за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы ён прадэманстраваў усяму свету непераўзыдзеныя ўзоры мужнасці, доблесці, адвагі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што большасць беларускіх мужчын, а таксама некаторыя жанчыны праходзілі і праходзяць армейскую школу мужнасці. Таму на працягу многіх дзесяцігоддзяў дата 23 лютага з'ядноўвае ўсё грамадства высакароднай ідэяй служэння і абароны Айчыны.

"Бяспека і стабільнасць - вышэйшыя каштоўнасці беларускага народа. Аддаючы даніну павагі ваеннаслужачым усіх пакаленняў, мы помнім, якой цаной нам дасталіся мір і спакой на нашай зямлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар са шкадаваннем канстатаваў, што новы век не пазбавіў чалавецтва ад войнаў, прадаўжаецца эскалацыя глабальнай напружанасці. На думку Кіраўніка дзяржавы, падзеі апошніх гадоў асабліва наглядна дэманструюць, што свет уступіў у новую рэальнасць, дзе канфрантацыя не спыняецца ні на хвіліну.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што "сістэматычнае выкарыстанне насільных метадаў у неваенных сферах (асабліва фінансавай, эканамічнай, інфармацыйнай) змяніла сутнасць сучаснай вайны". Сёння ў ёй прымяняюцца ўсе сродкі адначасова: і ваенныя, і неваенныя. "Яе элементы, якія раней прайшлі абкатку ў Югаславіі, Іраку і Лівіі, у поўнай меры прымяняюцца і сёння, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта бачым на прыкладах Сірыі, Украіны і іншых дзяржаў. Усе ваенныя канфлікты апошніх гадоў дэманструюць адну асаблівасць. Размова ідзе аб рэалізацыі знешніх пагроз праз унутраныя крыніцы. Як правіла, завяршаюцца зменай улады і разбурэннем дзяржаў".

"Такі сцэнарый для нас непрымальны. Хоць спробы навязаць яго Беларусі былі", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўныя палажэнні Ваеннай дактрыны Беларусі перагледжаны ў адпаведнасці з існуючымі выклікамі і патэнцыяльнымі пагрозамі бяспецы дзяржавы. "У ёй, як і ў ранейшай, захавана абарончая накіраванасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Заяўлена аб гатоўнасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў правядзеннем комплексу мер стратэгічнага стрымлівання з мэтай недапушчэння нападзення, а ў выпадку развязвання агрэсіі - рашучым прымяненнем ваеннай сілы".

Вызначаны меры па забеспячэнні ваеннай бяспекі краіны на сучасным этапе, а таксама асноўныя напрамкі будаўніцтва ваеннай арганізацыі дзяржавы.

"Несумненна, гэтыя меры будуць рэалізаваны на практыцы, і для гэтага ёсць усё неабходнае, - лічыць Прэзідэнт. - Па-першае, высокі патрыятызм нашага народа. Па-другое, здольнасць Узброеных Сіл адстаяць суверэнітэт і незалежнасць. Па-трэцяе, усенародная павага да людзей у пагонах".

"Упэўнены, што ўсе вы з гонарам апраўдаеце гэты высокі давер нашага народа і забяспечыце яму магчымасць мірна працаваць, рабіць жыццё лепшым", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. У прыватнасці, пагоны генерал-лейтэнанта ўручаны Станіславу Засю. Чарговае воінскае званне генерал-маёра прысвоена Віктару Хрэніну, Ігару Мажылоўскаму, Сяргею Дудко, Васілю Гедзько. Чарговае спецыяльнае званне генерал-маёра юстыцыі прысвоена Івану Наскевічу. Аляксандру Чадзюку - класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3 класа.

"Вы заслужылі гэтыя званні, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Будзьце дастойныя гэтых званняў".