Цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара
- 10
Палепшыць якасць жыцця людзей немагчыма без інавацый і рэалізацыі прагрэсіўных і наватарскіх ідэй у эканоміцы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам.
Гэта мерапрыемства фактычна адкрыла Год навукі, які павінен стаць для сферы знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў надаць навуковай галіне новае гучанне і якасна абнавіць яе структуру. "Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі. Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш таго - гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце", - заявіў Прэзідэнт.
У такіх маладых краінах, як Беларусь, якія дынамічна развіваюцца, навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі. "Нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад сумненне суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы".
Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў гэтай зале разам з вопытнымі вучонымі, чые распрацоўкі запатрабаваны, знаходзіцца і моладзь, а значыць, у краіне створана нямала магчымасцей для дасягнення поспеху ў любым узросце. Разам з тым было адзначана нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар'еру ў даследчай сферы. "Паглядзіце, у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны - тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў нявырашаным пытанням. Напрыклад, далёка не заўсёды эканомікай запатрабаваны спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеней. Не ўдалося таксама дабіцца, каб усе даследаванні па тэхнічных,прыродазнаўчанавуковых і гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць. "Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Таксама трэба крытычна і рацыянальна, па-дзелавому зірнуць на эфектыўнасць дзеючай мадэлі кіравання навукай у краіне.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што на маючай адбыцца ў бліжэйшы час маштабнай нарадзе па развіцці навуковай сферы самым сур'ёзным чынам будзе прааналізавана сітуацыя ў навуцы, размова пойдзе пра яе сучаснае і будучае.
У час цырымоніі было адзначана, што цяпер беларускія тэхналогіі і прадукцыя запатрабаваны ў многіх краінах свету, але заўсёды трэба глядзець наперад і рухацца далей, шукаць новыя рынкі збыту. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму праведзеных афіцыйных візітаў у Егіпет і Судан, асноўнай мэтай якіх было пашырэнне паставак беларускай прадукцыі і прыцягненне беларускіх тэхналогій. Прэзідэнт растлумачыў, што існуюць велізарныя магчымасці для экспарту ў афрыканскія дзяржавы тэхналогій і прадукцыі, шырокага выкарыстання там беларускага вопыту. І гэтыя магчымасці неабходна актыўна выкарыстоўваць, каб не ўпусціць час.
У час размовы з навуковымі і педагагічнымі работнікамі Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што сёння ў кожнага грамадзяніна ёсць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Аднак дзяржава таксама павінна прыкладаць усе намаганні, каб павысіць узровень жыцця сваіх грамадзян. "У нас няма такой катастрофы, калі нельга зарабіць. Зарабіць можна. Але тым не менш нам трэба павышаць жыццёвы ўзровень. Сярэдняя зарплата $500 - гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мне далажылі, што мы ўжо ў снежні мінулага года мелі пад $417 сярэднюю зарплату па краіне. Засталося зусім крыху, каб дасягнуць $500", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Пры наяўнасці бясплатнай адукацыі і медыцыны, нізкага кошту паслуг ЖКГ і нават бензіну (краіна ж не мае шматлікіх радовішчаў нафты) гэты ўзровень заработнай платы ў краіне прымальны. "Я магу вам заўтра даць $1000. Але - прыйшлі вучыцца ў школу - плаці, як на Захадзе; кінуўся ў навуку - плаці. Таму лепш нам не ламаць тое, што ёсць, а гэта паціху ўдасканальваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Цяжкія задачы ў эканоміцы, выказаў перакананне Прэзідэнт, можна вырашыць, толькі аб'яднаўшыся. "Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе наша брацкая Украіна. Нам нельга дапусціць таго, каб ваяваць. Мы народ міралюбівы. Напэўна, Бог перад намі паставіў гэтыя цяжкія задачы, каб мы адчувалі, што такое незалежнасць. Пераадолець усё гэта мы можам, толькі аб'яднаўшыся. І, дзякуй богу, галоўны напрамак нашай барацьбы за незалежнасць праходзіць праз эканоміку - не ў ваеннай сферы, не ў палітычнай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таму неабходна паскоранымі тэмпамі займацца развіццём эканомікі, і навука тут павінна быць галоўным складнікам. "Чакайце вельмі сур'ёзнага націску з майго боку ў сферы навукі. Нам не патрэбна проста навука, якая нават калі і не за бюджэтныя грошы жыве, то проста існуе. Нам патрэбна эфектыўная навука для вытворчасці", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.
Таксама адбылася шчырая размова Кіраўніка дзяржавы з вучонымі. Яны расказалі аб сваіх сферах дзейнасці і новых распрацоўках, падзяліліся поглядам на развіццё навукі ў цэлым. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць прыкладной значнасці даследаванняў і іх акупнасць. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з імі ўкараненне найноўшых распрацовак у розныя галіны беларускай эканомікі.
Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці вучоным за праведзеную работу, а таксама ўручыў ім дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара.