Цырымонія прывядзення да прысягі суддзі Канстытуцыйнага Суда

  • 1

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 2 лютага прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктара Рабцава.

Пасля прынясення суддзёй прысягі Прэзідэнт уручыў Віктару Рабцаву пасведчанне суддзі Канстытуцыйнага суда і падарачны экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі. На цырымоніі таксама прысутнічалі старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Віктару Рабцаву поспехаў на новай адказнай пасадзе. "Вы ў нас выдатны вучоны, практык. Думаю, што Канстытуцыйны суд у Вашай асобе набудзе дастойнага эксперта і змагара за правы нашых людзей, вартавога выканання Канстытуцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць традыцыі публічнага прынясення прысягі суддзямі Канстытуцыйнага суда. "Самае галоўнае, гэта лішні раз нагадвае ўсім нам у краіне і за яе межамі аб дэмакратычнасці нашага дзяржаўнага ладу", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад Беларусі часта патрабуюць увесці пасаду омбудсмена, які сачыў бы за захаваннем правоў чалавека. "У нас хоць і няма такой непасрэднай пасады, я заўсёды кажу: толькі тады будуць захоўвацца правы чалавека - права на дастойнае жыццё, на працу, адукацыю, ахову здароўя, атрыманне інфармацыі, свабоду СМІ, свабоду слова і гэтак далей (усе трэба бачыць правы чалавека), - калі галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека будзе Прэзідэнт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"І вы павінны стаць побач са мной. І менавіта мы сілай улады павінны забяспечыць захаванне асноўных правоў нашых грамадзян. Гэта - галоўнае", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.