Цырымонія адкрыцця помніка аўстрыйскім ахвярам нацызму ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец"
- 9
- 4:14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц 28 сакавіка адкрылі помнік ахвярам нацызму "Масіў імёнаў" на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец".
"Народы Беларусі і Аўстрыі, як і ўсе народы Еўропы, перажылі агульную крывавую трагедыю Другой сусветнай вайны. Мільёны грамадзян нашых краін сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду. Сёння нас аб'ядналі боль памяці і сумленне, маральны і чалавечы абавязак, адказнасць за лёсы будучых пакаленняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця помніка.
Ён адзначыў, што злачынствы, учыненыя гітлераўцамі, уражваюць сваёй жорсткай бязмежнасцю. Вар'яцкія, антыгуманныя ідэі фашыстаў увасобіліся ў дзяржаўнай палітыцы Трэцяга рэйха. Для "пашырэння жыццёвай прасторы на Усход" былі распрацаваны падрабязныя планы. Яны былі заснаваны на дасягненнях навукова-тэхнічнага прагрэсу і выклікалі жах сваёй педантычнасцю. Расавыя законы прызналі непатрэбным існаванне мільёнаў людзей.
"Невыпадкова канцэнтрацыйныя лагеры нацыстаў называюць фабрыкамі смерці. Забойства людзей у іх было пастаўлена на паток. Такая "фабрыка", адна з буйнейшых у Еўропе, знаходзілася тут, у Малым Трасцянцы. На гэтай самай зямлі была праліта кроў многіх дзясяткаў тысяч невінаватых ахвяр, сярод якіх дэпартаваныя грамадзяне з краін Еўропы, мірныя жыхары, партызаны, падпольшчыкі і савецкія ваеннапалонныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што для беларусаў гады акупацыі сталі адной з самых трагічных старонак у гісторыі. "Таму дзень вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - гэта наша галоўнае дзяржаўнае свята, Дзень Незалежнасці. Такі ж важны, як Дзень Перамогі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Памяць аб загінулых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, за вызваленне планеты ад карычневай чумы, памяць аб ахвярах нацызму для нашага народа свяшчэнная. Беражлівае стаўленне да яе стала часткай нацыянальнай ідэі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, усведамленне ўрокаў Другой сусветнай вайны знаходзіць адлюстраванне і ў міралюбівай знешняй палітыцы Беларусі, у паслядоўным і шчырым імкненні беларусаў уносіць свой уклад ва ўрэгуляванне канфліктаў, зніжэнне напружанасці праз садзейнічанне дыялогу і супрацоўніцтву ў рэгіёне і свеце.
"Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу ўвекавечанню памяці ахвяр нацысцкага тэрору. Стварэнне ў Трасцянцы мемарыяла агульнаеўрапейскага значэння - гэта вынік сумесных намаганняў беларускай дзяржавы, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, кіраўніцтва і жыхароў гарадоў Еўропы і, вядома ж, сведкаў тых часоў, якія выжылі, і сваякоў загінулых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
Паводле яго слоў, беларускі бок з вялікім натхненнем і гатоўнасцю падтрымаў ініцыятыву аўстрыйскіх сяброў, перш за ўсё Прэзідэнта і Федэральнага канцлера, устанавіць манумент у памяць аб грамадзянах Аўстрыі, якія загінулі ў лагеры смерці Трасцянец.
"Тут было знішчана больш за 10 тыс. грамадзян Аўстрыі. Жанчыны і дзеці, старыя, маладыя людзі. Іх забівалі проста за этнічнае паходжанне, за веру ў чужую для катаў рэлігію, за прыхільнасць да іншай ідэалогіі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Манумент "Масіў імёнаў", які мы адкрываем сёння, не проста вяртае з небыцця імёны тысяч ахвяр. Ён сімвалізуе імкненне новых пакаленняў ведаць аб трагічным лёсе сваіх продкаў і захоўваць памяць аб іх".
Гэты помнік - напамін аб тым, як далёка могуць завесці агрэсія, якая бярэ верх над разважлівасцю, празмерныя палітычныя амбіцыі, антынавуковыя і антычалавечыя тэорыі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Няхай гэты каменны сімвал стане вечным напамінам аб тым, што мір сапраўды вельмі няўстойлівы, а чалавечае жыццё бясцэнна. Наш святы абавязак - перадаць памяць аб гэтай вайне нашчадкам, перасцерагчы будучыя пакаленні ад паўтарэння фатальных памылак мінулага, зберагчы мір на зямлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ад імя беларускага народа ён падзякаваў кіраўніцтву Аўстрыі і асабіста Федэральнаму канцлеру Себасцьяну Курцу, дэлегацыі гэтай краіны, якая прыбыла ў Беларусь, каб аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць тых, хто бязвінна быў спалены і забіты тут у час вайны. "Гэта гераічны ўчынак з вашага боку, з боку грамадзян Аўстрыі, якія жывуць сёння. Вы паказалі прыклад іншым, як трэба ставіцца да ахвяр свайго народа, таму што тут пахаваны прадстаўнікі дзясяткаў народаў. Але Аўстрыя стала першай, якая прыйшла сюды з памяццю. Вось у гэтым каштоўнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка і Себасцьян Курц устанавілі запаленыя лампады ля манумента "Брама памяці". Пасля выступлення перад прысутнымі Прэзідэнт Беларусі і Ффедэральны канцлер Аўстрыі пад гукі жалобнай музыкі ўсклалі кветкі да помніка "Масіў імёнаў" і мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.
Члены афіцыйнай дэлегацыі Аўстрыйскай Рэспублікі, прадстаўнікі яўрэйскай грамадскасці, ветэраны таксама ўсклалі кветкі і камяні, сімвал смутку ў яўрэйскага народа, да падножжа манумента. Асаблівымі гасцямі на мерапрыемстве былі былыя вязні і сем'і загінулых.
![]()