Цырымонія адкрыцця Палаца спорту "Уручча" і Міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе

  • 7
  • 3:29
У Беларусі створана эфектыўная сістэма развіцця спорту вышэйшых дасягненняў, якая дае магчымасць якасна рыхтаваць спартыўны рэзерв. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 лютага на цырымоніі адкрыцця Палаца спорту "Уручча" і Міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе.

Прэзідэнта праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і ўводзе ў эксплуатацыю Палаца спорту "Уручча" дзяржаўнай установы "Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь". Гэты ўніверсальны спартыўны комплекс прызначаны для падрыхтоўкі нацыянальных зборных каманд, спартыўных клубаў, спецыялізаваных спартыўных класаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Аснову спартыўнага аб'екта складаюць тры гульнявыя пляцоўкі: дзве спаборніцка-трэніровачныя (з трыбунамі для гледачоў на 300 і 3 тыс. месц і магчымасцю іх павелічэння) і адна трэніровачная. У палацы ёсць усе неабходныя ўмовы для правядзення міжнародных спартыўных форумаў самага высокага ўзроўню.

Як праінфармавалі Кіраўніка дзяржавы, у ходзе будаўніцтва максімальна выкарыстоўваліся беларускія будаўнічыя матэрыялы, а таксама частка абсталявання.

Прэзідэнт закрануў тэму стварэння айчынных спартыўных трэнажораў. Такое даручэнне ён даваў раней. На думку Аляксандра Лукашэнкі, іх неабходна выпускаць у краіне. "Трэба абавязкова гэта зрабіць. І не трэба баяцца пачынаць гэту вытворчасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. У якасці пазітыўнага прыкладу таго, што беларускім спецыялістам гэта пад сілу, ён прывёў поспехі Беларусі ў галіне стварэння ваеннай тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў тэму развіцця гандбола. На яго думку, пакуль гэты від спорту знаходзіцца ў "пагранічным стане". Яго прыўзнялі на нейкі ўзровень, але далей неабходны штуршок для належнага развіцця гандбола. Прэзідэнт не сумняваецца, што беларускія гандбалісты змогуць дасягнуць высокіх вынікаў.

Разам з тым ён падкрэсліў, што грошай на ўтрыманне Палаца спорту "Уручча" ніхто даваць не будзе. Кіраўніцтва аб'екта само павінна паклапаціцца аб тым, як зарабляць сродкі.

Затым Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Міжнародны дзіцячы турнір па гандболе.

У сваім выступленні Прэзідэнт выказаў меркаванне, што новы Палац спорту з'яўляецца ўнікальным па сваім профілі аб'ектам, аналагічных якому ў краіне яшчэ не было. "У залах створаны ўсе неабходныя ўмовы для правядзення міжнародных спаборніцтваў і падрыхтоўкі спартсменаў самага высокага ўзроўню. Тут давядзецца трэніравацца ігракам па такіх відах спорту, як гандбол, валейбол, баскетбол і міні-футбол, а таксама тэніс і бадмінтон. Прычым прыйсці сюды змогуць як ваеннаслужачыя, так і жыхары, госці сталіцы", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі імкнуцца не толькі выхоўваць маладых атлетаў, але і ўмацоўваць здароўе моладзі. Менавіта таму нараўне са спаборніцтвамі прафесійных спартсменаў сёння праводзяцца дзіцячыя спаборніцтвы. "Бо наша мэта - выхаванне здаровых, моцных і фізічна развітых абаронцаў Айчыны, здольных надзейна забяспечыць яе бяспеку", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт лічыць сімвалічным, што цяперашні турнір прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на вялізнай ролі спорту ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, што, несумненна, служыць захаванню міру. "Прыемна бачыць тут нашых суседзяў, замежных гасцей. Усім зразумела, што краіны павінны сапернічаць выключна на спартыўных арэнах, але ні ў якім разе не на полі бою", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць Палац спорту "Уручча" шматпрофільны, усё ж асноўная ўвага тут будзе ўдзяляцца развіццю гандбола і яго папулярызацыі. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што дзяржава гатова падтрымліваць спартсменаў, у тым ліку гандбалістаў, але падставіць плячо толькі там, дзе гэта неабходна. Спартсмены ж павінны радаваць гледачоў вынікамі.

"Хопіць ужо гаварыць аб папулярызацыі. Трэба выйграваць, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Мы вельмі шмат сродкаў уклалі ў спорт, але, скажу шчыра, належнай аддачы народ, беларускія гледачы пакуль не атрымалі. Нам патрэбны вынік, і трэба паказваць вынікі ў спорце вышэйшых дасягненняў, паколькі для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы. Гэта наша задача. І пачынаць трэба вось з гэтых дзяцей, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Трэба іх падтрымліваць. Вось тады ў нас будзе добры рэзерв. І тады будуць такія мацнейшыя гандбалісты, як Сяргей Рутэнка, на кожным квадратным метры, а не адзін на ўсю краіну. Падрастае новае пакаленне спартсменаў, будзем уважліва за імі назіраць".

Пасля адкрыцця дзіцячага турніру Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі новага спартыўнага аб'екта, папрысутнічаў на трэніроўцы гандбольнага клуба "СКА-Мінск" і нацыянальнай зборнай па бадмінтоне.

Прэзідэнт цёпла паразмаўляў са спартсменамі, пацікавіўся праблемамі, умовамі трэніровак і сфатаграфаваўся з імі.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што бачыць вялікі патэнцыял для дасягнення спартсменамі самых высокіх вынікаў.