Урачыстая цырымонія ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 4
  • 5:48

У Вялікай зале Палаца Рэспублікі 21 студзеня адбылася ўрачыстая цырымонія ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Картэж Кіраўніка дзяржавы прыбыў да Палаца Рэспублікі ў суправаджэнні ганаровага эскорту з дзевяці матацыклістаў. Пад гукі фанфар Аляксандр Лукашэнка прайшоў у Вялікую залу і падняўся на сцэну, дзе таксама знаходзіліся Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч, Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Затым пад гукі ўрачыстага марша на сцэну ўнеслі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны сцяг і штандар Прэзідэнта Беларусі.

Цырымонію інаўгурацыі адкрыла Лідзія Ярмошына. Вітаючы Аляксандра Лукашэнку, яна сказала: "У гэты ўрачысты дзень Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь аб'яўляе, што воляй народа Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Выбаршчыкі Беларусі прынялі гэта адказнае рашэнне, аддаўшы свае галасы за выбранне Аляксандра Рыгоравіча ва ўмовах свабодных і дэмакратычных выбараў".

У прысутнасці вышэйшых службовых асоб краіны, а таксама шматлікіх запрошаных на інаўгурацыю Аляксандр Лукашэнка, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю Беларусі, сказаў словы прысягі: "Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".

Пасля падпісання акта аб прынясенні прысягі Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Віншуючы Аляксандра Лукашэнку з афіцыйным уступленнем на пасаду Прэзідэнта Беларусі ад імя Нацыянальнага сходу, Анатоль Рубінаў падкрэсліў, што Кіраўнік дзяржавы быў выбраны на гэту пасаду ў выніку сумленных, дэмакратычных, адкрытых выбараў, у якіх прынялі ўдзел практычна ўсе грамадзяне краіны.

"Выбары паказалі, што пераважная большасць нашага народа давярае вам як нацыянальнаму лідару, адабрае праводзімую вамі палітыку, прапанаваную вамі мадэль развіцця краіны", - сказаў Анатоль Рубінаў.

 З афіцыйным уступленнем на пасаду Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку таксама павіншаваў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. "З імем вашым народ Беларусі звязвае свае надзеі ў справах грамадзянскага дабрабыту і прадаўжэння дзяржаўнага будаўніцтва ў супольнасці розных краін і народаў", - сказаў прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, даючы клятву вернасці Айчыне і народу, ён адчуваў перш за ўсё вялікую ўдзячнасць за давер і падтрымку грамадзян, а таксама вялікую адказнасць за агульны лёс. "Галасы мільёнаў сумленных і адданых людзей, з якімі за апошні час мы выстаялі на самых крутых гістарычных віражах, натхняюць і надаюць новыя сілы", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пытанне стаяла не проста ў выбары Прэзідэнта, а па сутнасці вырашаўся далейшы лёс краіны: быць ёй самастойнай і моцнай або трапіць у кабальную залежнасць; беларускаму народу самому вызначаць свой шлях развіцця або аддаць усё на водкуп тым, хто гатовы за бясцэнак прадаць родную зямлю і разбурыць агульны дом.

"Давер народа выклікае сёння асаблівыя патрабаванні і абавязацельствы. Прымушае быць максімальна адказным і справядлівым кіраўніком як у адносінах да сваіх прыхільнікаў, так і да людзей альтэрнатыўных поглядаў, паколькі сапраўдная дэмакратыя заснавана не толькі на ўсталяванні волі большасці, але і на абароне правоў меншасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Аб'ектыўна ацэньваючы выбарчую кампанію, адзначу, што яна прайшла абсалютна адкрыта (далей няма куды), дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, міжнароднай практыкай і строгімі патрабаваннямі тых наглядальнікаў, якія да нас прыехалі. Добра, мы ўчора даведаліся, што нават еўрапейцы да вынікаў нашых выбараў ужо прэтэнзій не маюць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але для мяне асабліва дорага тое, што беларускія выбары сталі красамоўным сведчаннем непарыўнага адзінства ўлады і грамадзян".

Прэзідэнт адзначыў, што народ сказаў сваё важкае слова, яшчэ раз пацвердзіўшы, што Беларусь - свабодная, дэмакратычная дзяржава. "Зроблены ім выбар - свяшчэнны і неаспрэчны: бо нездарма ў старажытныя часы голас народа прыраўноўвалі да голаса Божага", - сказаў беларускі лідар.

"Некаторыя палітыкі, дзеячы замежных дзяржаў і міжнародных структур палічылі за лепшае аддаць забыццю гэты стары як свет прынцып народаўладдзя. Але гэта іх справа. Пакінем іх за дужкамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Наш народ не завагаўся ў адказны момант, не паддаўся ні на эканамічны дыктат, ні на палітычныя правакацыі, ні на істэрыю местачковых прадажных палітыкаў і журналістаў. Разам мы захавалі галоўнае - мір на беларускай зямлі, еднасць і нацыянальную годнасць".

Прэзідэнт падзякаваў суайчыннікам за стойкасць, мудрасць і вытрымку. "Выказваю ўдзячнасць дзяржавам, палітычным лідарам і ўсім замежным сябрам, якія былі з намі ў гэты няпросты час. А нядобразычліўцам Беларусі хачу нагадаць народную мудрасць: не раздзімай пажар у суседа - агонь можа незнарок перакінуцца і на твой дом", - перасцярог Кіраўнік дзяржавы

Паводле яго слоў, вірус "каляровых рэвалюцый" паражае толькі слабыя краіны, чый дзяржаўны арганізм выматаны эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а ўлада знаходзіцца ў канфрантацыі з насельніцтвам. "У Беларусі для яго проста няма пажыўнага асяроддзя", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таму даю вам цвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і ўзрушэнняў вычарпаны, ніякія "майданы" і "плошчы" нашаму грамадству не пагражаюць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Бяспеку і стабільнасць у беларускім доме мы зберажом ад любых інтрыг як звонку, так і знутры. Бо любая ўлада, а тым больш улада народа, чагосьці каштуе, калі яна ўмее абараняцца".

"Нямала коп'яў зламана ў спрэчках аб тым, хто адыгрывае большую ролю ў гісторыі - асоба палітычнага лідара або народ, - сказаў беларускі лідар. - Лічу, што ісціна не ў прыярытэце аднаго з гэтых складальнікаў. А ў іх згодзе, узаемным даверы і зладжанасці дзеянняў. Менавіта дзякуючы такому адзінству, узаемаразуменню за паўтара дзясятка гадоў мы разам зрабілі гіганцкі рывок наперад, паспяхова пераадолеўшы ўсе нягоды і цяжкасці".

Прэзідэнт нагадаў, якой была наша краіна ў 1994 годзе - "збяднелай, даведзенай "свядомымi дэмакратамi" да ручкі, дзе сотні тысяч галодных людзей выходзілі на вуліцы, патрабуючы работы, зарплаты і кавалка хлеба; дзе развальвалася і раскрадалася ўсё, што толькі можна, дзе на ролю дзяржаўнай ідэалогіі прэтэндаваў ашалелы нацыяналізм з яго русафобіяй і цемрашальствам".

"У нас не было ні значных золатавалютных запасаў, ні прыродных багаццяў, ні магутнага фінансавага падсілкоўвання збоку. Былі толькі працавітыя рукі, светлы розум і талент нашага народа, - падкрэсліў Прэзідэнт. - А яшчэ наша вера адзін у аднаго і надзея толькі на свае сілы. І гэты просты сацыяльны рэцэпт спрацаваў лепш за ўсялякія закаварыстыя эканамічныя тэорыі і палітычныя тэхналогіі".

"Мы не далі разваліць краіну, мы не дазволілі затаптаць у бруд памкненні народа, мы ўмацавалі нацыю, мы збераглі мір і згоду ў грамадстве. Дзякуючы нашай палітыцы ў Беларусі няма алігархічных структур, масавага беспрацоўя і збяднення людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Кожны год мы стараемся працаваць яшчэ лепш, адпраўляючы на экспарт 75% усяго, што вырабляем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І ўсё заробленае не ідзе ў кішэню алігархам, не ўцякае за мяжу, а вяртаецца да народа ў выглядзе зарплат, сацыяльных даброт, інвестыцый у айчынную эканоміку. І так будзе заўсёды!"

Стараннямі працоўных калектываў, рэгіянальных і рэспубліканскіх органаў кіравання за пяцігоддзе Беларусь у 2,5 раза павялічыла аб'ём валавога ўнутранага прадукту ў намінальным выражэнні.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць папярэдняму Ураду на чале з Сяргеем Сідорскім за плённую працу. "Фарміруемы склад новага Савета Міністраў мяняецца. Але і тыя, хто ў яго не ўвайшоў, будуць запатрабаваны ў нашай дзяржаве, нашым народам", - дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, новы час патрабуе ад усіх, і асабліва ад кіраўнікоў розных узроўняў, большай дынамікі і большай выніковасці. За мінулыя гады закладзены магутны фундамент для доўгатэрміновага, стабільнага развіцця. "Цяпер галоўная задача - перайсці ад аднаўлення і захавання да шматразовага прымнажэння ўсяго створанага. Гэта наша стратэгія і арыенцір на бліжэйшыя пяць гадоў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Галоўнай рухаючай сілай росту павінны стаць дзелавая актыўнасць, ініцыятыва, творчы патэнцыял грамадзян".

"Наша стратэгічная мэта - вывесці Беларусь у лік лідараў тэхналагічнага і інтэлектуальнага развіцця. Надаць беларускай эканоміцы новае аблічча, мадэрнізуючы яе структуру, а таксама прамысловасць і сельскую гаспадарку на аснове самых перадавых вытворчасцей і тэхналогій, ствараючы стымулы для айчынных і замежных інвестыцый", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Усведамляючы геапалітычную ролю Беларусі як сувязнага звяна паміж Усходам і Захадам, як неад'емнай часткі Еўропы і постсавецкай прасторы, мы прадоўжым рэалізацыю шматвектарнай знешняй палітыкі, заснаванай на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў, а таксама будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, умацаванне інтэграцыйных сувязей у рамках Адзінай эканамічнай прасторы, ЕўрАзЭС, СНД, іншых міждзяржаўных утварэнняў", - сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе дабівацца максімальна высокіх вынікаў ад супрацоўніцтва як з Расіяй, Украінай, Кітаем, Венесуэлай, іншымі стратэгічнымі партнёрамі, так і з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі, усімі дзяржавамі сусветнай супольнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба будзе яшчэ шмат зрабіць і для дасягнення пастаўленых мэт у краіны ёсць усе магчымасці: набыты вопыт, выразнае разуменне прыярытэтаў развіцця і вялікі стваральны патэнцыял, невычэрпная энергія народа.

"Усіх нас павінен аб'ядноўваць клопат аб нашым агульным доме - роднай Беларусі. Паводле мудрага выслоўя, толькі Айчына змяшчае ў сабе тое, што дорага ўсім. Апіраючыся на гісторыю і традыцыі, на канкрэтныя рысы нацыянальнага характару - сумленнасць і працавітасць, адвагу і справядлівасць, цярпімасць, вернасць абавязку і патрыятызм, мы зможам дастойна адказаць на любыя выклікі часу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што слаўнае мінулае павінна быць падмацавана маштабнымі справамі сённяшніх пакаленняў. "І тады слова "Беларусь" з павагай загучыць ва ўсім свеце, нашы дзеці і ўнукі будуць жыць у квітнеючай еўрапейскай краіне і ганарыцца тымі старонкамі, якія мы ўпішам у біяграфію нашай Айчыны", - перакананы Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз падзякаваў беларусам за зроблены выбар, пажадаў усім здароўя, шчасця, поспехаў, невычэрпных сіл для стваральнай працы на карысць Радзімы. "Калі нехта (і ў гэтай зале, і за яе межамі, хто нас сёння бачыць і чуе) яшчэ сумняваецца, ці правільны ён зрабіў выбар, прабачце за нясціпласць, скажу: не перажывайце, правільны вы зрабілі выбар, ваш Прэзідэнт - гэта ваш Прэзідэнт, і ён ніколі вас не падвядзе", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля завяршэння цырымоніі інаўгурацыі адбыўся святочны канцэрт майстроў мастацтваў.