Сустрэча з удзельнікамі дзіцячага "Еўрабачання" ў Палацы Незалежнасці
- 14
- 3:11
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці сустрэўся з удзельнікамі дзіцячага "Еўрабачання".
"Вы пераможцы ўжо!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы вялікае дасягненне маладых талентаў, якія прымаюць удзел у такім маштабным міжнародным песенным конкурсе. "Вы павінны быць ужо рады і задаволены, што з'яўляецеся пераможцамі ў сваёй краіне, а тут ужо як пашанцуе", - дадаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што Беларусь вызначаецца сваёй сумленнасцю і справядлівасцю. "Таму тут пераможа толькі мацнейшы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы вельмі цёпла паразмаўляў з удзельнікамі конкурсу, а сустрэча ў цэлым выйшла за рамкі пратакола і была напоўнена дружалюбнымі абдымкамі, усмешкамі і шчырым дзіцячым смехам. На сустрэчу з Прэзідэнтам, а таксама для падтрымкі цяперашніх канкурсантаў прыйшлі ўдзельнікі і пераможцы конкурсу мінулых гадоў, у іх ліку Ксенія Сітнік, Вольга Сацюк, Лідзія Заблоцкая.
"Як вашы справы? Расказвайце!" - такімі словамі Аляксандр Лукашэнка сустрэў дзяцей.
"У вас тут вельмі прыгожа", - паспеў адрэагаваць адзін з удзельнікаў да таго, як прэзідэнцкае пытанне патанула ў дзіцячым рознагалоссі. Паколькі кожны імкнуўся падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як справы ў беларускага саліста Даніэля Ястрэмскага. "Добра, дзякуй вялікі за запрашэнне", - сказаў ён.
![]()
Адказваючы на пытанне, якога выніку ён чакае ад свайго выступлення, беларускі ўдзельнік адзначыў, што мае намер зрабіць усё, каб дастойна прадставіць Беларусь на конкурсе.
"Калі ты прайграеш нашаму таварышу з Арменіі, расіяніну або яшчэ некаму, страшна не будзе, таму што мы ж гаспадары. Мы не можам, як гаспадары, выйграць. Але калі выйграем, я табе прабачаю", - жартам сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Дзеці пацікавіліся, ці зможа Аляксандр Лукашэнка прыйсці на сам конкурс, на што Прэзідэнт запэўніў: "Нават калі не прыйду, я ўсё роўна ўсё ўбачу".
Удзельнікі конкурсу разам выканалі для кіраўніка дзяржавы ўрывак з песні цяперашняга дзіцячага "Еўрабачання" "LightUp!" ("Запальвай!"), што таксама з'яўляецца слоганам конкурсу.
Ад удзельнікаў, членаў дэлегацый і арганізатараў дзіцячага конкурсу Кіраўніку дзяржавы ўручылі падарунак - сімвалічны аналаг галоўнага прыза конкурсу. Гэта мікрафон з празрыстага шкла з каляровымі лініямі ўнутры верхняй часткі, якія сімвалізуюць патокі гуку.
А вось своеасаблівы падарунак ад беларускіх удзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання" мінулых гадоў толькі рыхтуецца. Маладыя беларускія зорачкі паабяцалі новыя яркія моманты ў развіцці сваёй творчасці, і што Кіраўнік дзяржавы пра іх яшчэ пачуе.
"Дзякуй вам вялікі, хлопчыкі і дзяўчынкі, што прыйшлі да мяне ў госці. Гэта таксама будзе маленькая старонка ў маёй біяграфіі", - сказаў на развітанне Аляксандр Лукашэнка.
Пасля сумеснага фатаграфавання з беларускім лідарам дзецям уручылі прэзідэнцкія падарункі - прысмакі і кнігі пра Беларусь.
![]()