Сустрэча з Прэзідэнтам Узбекістана Ісламам Карымавым

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Ісламам Карымавым прапанаваў вывесці двухбаковыя беларуска-ўзбекскія адносіны на больш высокі ўзровень.

Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, патэнцыял адносін Беларусі і Узбекістана значна шырэйшы, чым іх цяперашні стан. "Мы можам літаральна ў бліжэйшыя 1-2 гады падвоіць наш тавараабарот", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Гэты штуршок у гандлі з Узбекістанам паставіў бы перад намі вельмі строга пытанне аб паглыбленні адносін па ўсіх іншых напрамках, хоць там перашкод няма. Нашы пазіцыі па міжнародным парадку дня практычна падобныя. Для гуманітарнага супрацоўніцтва таксама няма перашкод. У рэшце рэшт, дрэнна ці добра, але мы жылі ў адной краіне, і ў нас ёсць вельмі многа шляхоў, па якіх мы можам пайсці, каб наша гуманітарнае і культурнае супрацоўніцтва ўзняць на больш высокі ўзровень", - канстатаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Іслам Карымаў асабліва падкрэсліў запатрабаванасць цяперашняй сустрэчы, таму што на працягу шэрага гадоў, перш за ўсё ў СМІ, было шмат тлумачэнняў і разважанняў наконт нейкіх супярэчнасцей у адносінах Беларусі і Узбекістана.

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што апошнім часам Беларусь становіцца ўсё больш адкрытай перад сусветнай супольнасцю, развівае свае міжнародныя кантакты. Ён, у прыватнасці, згадаў праведзены нядаўна візіт беларускай дэлегацыі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. "Гэта ўсё сведчыць аб тым, што жыццё развіваецца, і прагматызм патрабуе жыць у імя грамадства, у імя народа, які табе даверыў свой лёс", - сказаў Іслам Карымаў.

Паводле яго слоў, Беларусі робіць гонар і той факт, што краіна ў існуючай сітуацыі паўторна ўзяла на сябе абавязкі па старшынстве ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.