Сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго ўкраінскага калегу Пятра Парашэнку, што Беларусь будзе рабіць усё магчымае для ўсталявання міру. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 11 лютага на двухбаковай сустрэчы ў Мінску напярэдадні перагавораў "нармандскай чацвёркі".

"Я ўдзячны вам за давер да нашай краіны, да нашага народа. Гэта дарагога каштуе", - сказаў беларускі лідар.

"Я хачу вас запэўніць, што мы будзем усё рабіць для таго, каб у вас у краіне, у нашым краі былі мір і спакой. Мы, па-мойму, гэта ўжо даказалі сваімі дзеяннямі. І на працягу гэтага часу ўсё, што мы абяцалі, перад вамі, перад украінскім народам выконваем. Ведаеце, што так будзе і надалей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што апошнім часам лідары дзвюх краін шмат размаўлялі, праўда, больш па тэлефоне, абмеркавалі комплекс пытанняў, якія датычацца не толькі сітуацыі ва Украіне, але і двухбаковых адносін. "На здзіўленне, мы гандаль не згарнулі. Наадварот, у нас гандаль ідзе. І, што прыемна для нас, мы маем вельмі шмат заказаў ад вашых прадпрыемстваў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падкрэсліў вялікае міжнароднае значэнне мінскай сустрэчы ў "нармандскім фармаце".

"Упэўнены, што сёння вочы ўсяго свету прыкаваны да Мінска. Увесь свет сёння чакае, што або сітуацыя пойдзе шляхам дээскалацыі, дамоўленасці, спынення агню, адводу ўзбраенняў і спынення гібелі людзей, або, калі Мінск не стане гэтым сімвалам, сітуацыя пойдзе фактычна ўразнос. Я ўпэўнены, што ёсць рызыка, што яна выйдзе з-пад кантролю", - заявіў Пётр Парашэнка.

Ён адзначыў вялікі міжнародны інтарэс да мінскай сустрэчы ў "нармандскім фармаце". "Вельмі сімвалічна, што гэта сустрэча праходзіць у Мінску. Сёння мірны працэс ва Украіне звязаны з Мінскім пратаколам ад 5 верасня, Мінскім мемарандумам ад 19 верасня, і я трымаю кулакі, каб сённяшняя дата таксама ўвайшла ў гісторыю сусветнай дыпламатыі як дасягненне дамоўленасці аб міры", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Пётр Парашэнка таксама падкрэсліў, што беларускі бок і асабіста Аляксандр Лукашэнка зрабілі ўсё неабходнае для арганізацыі сустрэчы. "Мы з вамі хутка перагаварылі, і адказ быў, што ў любы час Мінск гатовы максімальна садзейнічаць дээскалацыі, міру і разрадцы напружанасці", - адзначыў Пётр Парашэнка.

"За апошнія 4-5 месяцаў Мінск ужо зусім інакш гучыць у свеце. Я гэтаму надзвычай рады і яшчэ раз звяртаюся да вас з удзячнасцю за эфектыўную арганізацыю гэтай работы", - рэзюмаваў Прэзідэнт Украіны.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах, Пётр Парашэнка адзначыў, што паміж Украінай і Беларуссю няма ніякіх праблем. "Двухбаковыя адносіны паміж Украінай і Беларуссю знаходзяцца сёння на самым высокім узроўні, - падкрэсліў Пётр Парашэнка. - Магу сцвярджаць, што ўпершыню за многія гады паміж Украінай і Беларуссю наогул няма ніякіх двухбаковых праблем. Гэта вялікае дасягненне".