Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай шахматнай федэрацыі Кірсанам Ілюмжынавым
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) Кірсан Ілюмжынаў 18 снежня на сустрэчы ў Мінску дамовіліся аб рэгулярным правядзенні ў беларускай сталіцы буйных шахматных турніраў.
У прыватнасці, у наступным годзе ў Мінску будзе праведзены жаночы Гран-пры і восенню - чэмпіянат свету сярод жанчын па накаўт-сістэме, дзе 64 мацнейшыя шахматысткі з 50 краін свету будуць змагацца за права быць чэмпіёнам свету. Арыенціровачна гэты турнір адбудзецца ў лістападзе 2016 года.
"Нам за гэты інтэлектуальны від спорту (хоць, цяжка сказаць, спорт гэта або нейкае мастацтва, напэўна, і тое, і другое) не сорамна, таму што ў Беларусі мы стараемся на даволі высокім узроўні падтрымліваць яго і не толькі ствараць патэнцыял гэтага віду спорту, але і развіваць яго", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што калі дзеці і моладзь дабіваюцца высокіх вынікаў на міжнародных турнірах, то ў дарослых пакуль гэтага не атрымліваецца. "Таму гэта наша задача", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды гатовы дапамагаць ФІДЭ ў намеры ажыццяўляць нейкія мерапрыемствы ў краіне. "Вы ведаеце, што дзяржава заўсёды гатова ў гэтым плане падставіць плячо, каб мы нарэшце і сярод дарослых пачалі выдаваць добрыя вынікі па гэтым вельмі важным відзе спорту", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"І думаю, вы шчыра скажаце, чаго ў нас не хапае, што мы можам зрабіць самі, а што разам, магчыма, пры вашай падтрымцы, у Беларусі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Кірсана Ілюмжынава.
У сваю чаргу Кірсан Ілюмжынаў адзначыў, што правядзенне ў Мінску буйных шахматных турніраў будзе карысным для падтрымкі і развіцця беларускіх шахматыстаў. "З аднаго боку, гэта і развіццё, і папулярызацыя шахмат сярод насельніцтва, а з іншага - дапамога прафесійных шахматыстаў, магчымасць іграць на такіх буйных турнірах і дабівацца высокіх узнагарод і званняў", - сказаў ён.
Кірсан Ілюмжынаў падзякаваў беларускаму боку і асабіста Прэзідэнту за арганізацыю ў Мінску чэмпіянату Еўропы па хуткіх шахматах і бліцы, які праходзіць 18-20 снежня. У Мінск прыехалі каля 1 тыс. ігракоў з 31 краіны. Сярод іх - многія вядучыя шахматысты, якія ўваходзяць у першую сотню сусветнага рэйтынгу, удзельнікі і фіналісты чэмпіянатаў свету і Еўропы, кубкаў свету, матчаў і турніраў прэтэндэнтаў на сусветную шахматную карону.
Прэзідэнт ФІДЭ запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць гульні чэмпіянату.
На сустрэчы размова ішла таксама аб будаўніцтве новага адміністрацыйнага комплексу ў Мінску, у якім будуць размяшчацца філіял ФІДЭ і федэрацыя шахмат Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка і Кірсан Ілюмжынаў дамовіліся, што ў Беларусі ў 2016 годзе пачнецца ўкараненне праграмы "Шахматы і школах" на факультатыўнай аснове.
Акрамя таго, бакі дамовіліся, што НАК Беларусі падтрымае ФІДЭ па ўключэнні шахмат у праграму зімовых Алімпійскіх гульняў.