Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем
- 1
Сістэма падрыхтоўкі беларускіх хакеістаў мае патрэбу ў рэфармаванні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэнэ Фазелем.
"Мы вельмі сур'ёзна, што датычыцца канцэпцыі, тактыкі, стратэгіі хакея, уступаем заакіянскім спартсменам. Нам трэба вельмі сур'ёзна звярнуць увагу на сістэму падрыхтоўкі спартсменаў, і хакеістаў перш за ўсё, пераймаючы вопыт канадцаў і амерыканцаў - яны гуляюць у зусім іншы хакей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы і расіяне, ды і еўрапейцы пачынаюць адставаць, гуляем па-даўнейшаму. Гэта датычыцца асабліва беларускага хакея".
Яшчэ адной з праблем у беларускім хакеі, на думку Прэзідэнта, з'яўляецца нізкая матываванасць ігракоў з-за нізкай канкурэнцыі ў камандзе. Таму вялікую ўвагу неабходна ўдзяляць падрыхтоўцы рэзерву.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што кадры ў спорце вырашаюць усё, яны павіны бачыць усе недахопы і не ўтойваць іх. "Я ўжо даручыў сур'ёзную ўвагу звярнуць на кадры, якія сёння заняты ў спартыўнай індустрыі, асабліва ў хакеі, таму што гэта вельмі папулярны, можна сказаць, нацыянальны від спорту разам з футболам і самы масавы. Вы бачыце, як гледачы ўспрымаюць усё гэта", - заўважыў беларускі лідар.
"Шчыра кажучы, перад сустрэчай я задумаўся, што мы, напэўна, са сваім цяперашнім хакеем не заслугоўваем столькі ўвагі, колькі вы ўдзяляеце нашай краіне. Але ў бліжэйшыя два-тры гады - адразу гэта не робіцца - мы парадак навядзём у спорце ў цэлым і ў хакеі ў прыватнасці, разбяромся з усімі функцыянерамі, якія, напэўна, крыху зажырэлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што яго ацэнка сітуацыі ў беларускім хакеі не звязана з няўдачным выступленнем нацыянальнай зборнай у алімпійскай кваліфікацыі-2018. "З майго пункту гледжання, так і павінна было здарыцца, таму што мы ж памятаем, як каманда гуляла на апошнім чэмпіянаце свету ў маі гэтага года - адскочылі ў апошнім матчы. І замест таго каб усё лета займацца і рыхтавацца да гэтых Гульняў, яны, відаць, адпачывалі. Таму так і атрымалася: хто хацеў выйграць і паехаць на Алімпіяду, той выйграў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На сустрэчы было адзначана, што ў спорце павінны быць вялікія перамогі, тады і паражэнні будуць успрымацца зусім інакш. Акрамя таго, адзначыў Прэзідэнт, спартсмены павінны падыходзіць да спаборніцтваў на піку сваёй формы, каб паказваць яшчэ лепшыя рэзультаты, чым на этапе падрыхтоўкі да турніраў.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусь гатова зноў прыняць чэмпіянат свету па хакеі. "Як я абяцаў раней, гэта будзе лепшы чэмпіянат свету, таму што ў нас для гэтага ўсё ёсць. Калі мы да мінулага чэмпіянату ўсё будавалі і стваралі, то сёння для таго, каб прыняць лепшых майстроў гэтага віду спорту, усё неабходнае ёсць. І калі будзе прынята такое рашэнне, мы дастойна правядзём гэты чэмпіянат свету", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Рэнэ Фазель адзначыў, што Міжнародная федэрацыя хакея сур'ёзна разглядаем магчымасць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 або 2022 годзе, а ў беларускіх хакеістаў ёсць усе шанцы, каб падрыхтавацца да будучых чэмпіянатаў і паказаць на іх дастойныя рэзультаты.