Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьянам Коэ

  • 1

Сусветны спорт не павінен быць залішне палітызаваны і залежны ад уплыву асобных багатых краін. Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў 8 красавіка на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьянам Коэ.

"У спорце не павінны перамагаць спартсмены толькі буйных багатых дзяржаў. Спорт павінен быць для ўсіх. Таму я катэгарычна супраць усякіх закрытых пытанняў у спорце, у тым ліку допінгу, што якой-небудзь краіне гэта можна, а іншай нельга. Я супраць таго, каб грошы вырашалі пытанні. Таму што багатая краіна будзе заўсёды выйграваць. Спорту не хапае справядлівасці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ў спорце будзе ўсё справядліва, я ўпэўнены, што беларускія спартсмены на сусветных арэнах, Алімпійскіх гульнях будуць яшчэ прыкметней. Я гэта гавару, ведаючы Вашу пазіцыю, памкненні і арыентацыю на сумленнасць і прыстойнасць у спорце. І вы ў гэтым плане можаце разлічваць на Беларусь", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць станоўчым той факт, што ў сусветнай лёгкай атлетыцы працуюць спецыялісты, якія па-сапраўднаму ведаюць і разумеюць спорт. "Менавіта гэтага разумення ў многіх функцыянераў у многіх відах спорту якраз не хапае - разумення спартсмена, - сказаў Прэзідэнт. - Мне здаецца, што такія людзі, як Вы, якія прайшлі праз горан спорту і паказалі выдатныя вынікі, якраз здольны змяніць сітуацыю ў спорце".

Прэзідэнт адзначыў, што прыезд Себасцьяна Коэ ў Беларусь і запланаваныя ў сувязі з гэтым мерапрыемствы вельмі важныя для беларускага боку. "Мы гэта расцэньваем як знак павагі, і гэта надзея на будучае супрацоўніцтва", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ствараемая ў Беларусі спартыўная інфраструктура ўжо з 2017 года будзе здольна прыняць любыя міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. "Мы спецыяльна мадэрнізуем наш нацыянальны стадыён менавіта пад лёгкую атлетыку. Там можна будзе гуляць у футбол, але гэта будзе лёгкаатлетычны стадыён, створаны па апошнім слове тэхнікі з запасным трэніровачным полем і ўсімі атрыбутамі для работы спартсменаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць па глабальных мерках Беларусь і не ўваходзіць у лік вялікіх дзяржаў, аднак у краіне існуюць нядрэнныя спартыўныя традыцыі ў многіх відах спорту. "У нас добрыя школы, якія дасталіся нам з савецкіх часоў. Мы іх захавалі. Часам не хапае настойлівасці і, можа, нейкай увагі, - адзначыў Прэзідэнт. - Спецыялістаў у нас дастаткова практычна ў любым відзе спорту, але нам не хапае сістэмы функцыянавання таго ці іншага віду спорту, арганізацыі, патрабавальнасці, абавязковасці ад трэнераў і спартсменаў. Але горш было б, калі б не хапала грошай або ўмення. Але калі гэта ўсё ёсць, але не хапае арганізаванасці, то гэту справу можна паправіць".

Кіраўнік дзяржавы таксама з цеплынёй успомніў той час, калі Себасцьян Коэ сам змагаўся на спартыўных спаборніцтвах. "Успамінаю маладосць і Себасцьяна Коэ на бегавой дарожцы, супраць якога я, вядома, заўсёды балеў, таму што побач з Вамі заўсёды былі нашы вялікія спартсмены. Але я заўсёды быў у захапленні ад Вас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Себасцьян Коэ падкрэсліў, што палітыкі, як правіла, падзяляюцца на два лагеры - тых, хто разумее, і тых, хто не разумее спорт. "Тым больш мне прыемна размаўляць з чалавекам на такой высокай кіруючай пасадзе, які не проста добра разумее спорт, але яшчэ і вельмі добра разумее лёгкую атлетыку. І яшчэ больш мне прыемна, што мы з вамі падзяляем наша разуменне таго, якой каштоўнасцю з'яўляецца спорт", - сказаў ён.

Себасцьян Коэ падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за тую ўвагу, якая ў Беларусі ўдзяляецца захаванню і развіццю лёгкаатлетычных відаў спорту, ствараемую для гэтага інфраструктуру. Ён выказаў гатоўнасць садзейнічаць у тым, каб Беларусь рэгулярна прымала міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы рознага ўзроўню.

Як было адзначана ў час сустрэчы, адна з ініцыятыў - правесці ў 2019 годзе амерыканска-еўрапейскі лёгкаатлетычны матч. Не выключана, што пляцоўкай для гэтага спартыўнага форуму магла б стаць менавіта Беларусь.