Сустрэча з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Афганістан Ашрафам Гані Ахмадзаем

  • 1
Беларусь і Афганістан у бліжэйшы час могуць значна актывізаваць супрацоўніцтва, давесці яго да ўзроўню патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва Уфе на сустрэчы з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Афганістан Ашрафам Гані Ахмадзаем.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней у яго адбыліся тэлефонныя размовы з Прэзідэнтам Афганістана, са спецыяльным прадстаўніком, у час якіх вяліся дыскусіі наконт далейшага беларуска-афганскага супрацоўніцтва. "Афганістан - не такая далёкая для нас краіна, і мы можам у бліжэйшы час актывізаваць наша супрацоўніцтва, давесці яго да ўзроўню патэнцыялу нашых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.

"Нам здаецца ў Беларусі, і мы, відаць, не далёкія ад ісціны, што пасля выбрання новага прэзідэнта ў Афганістане намеціўся інтэнсіўны працэс стабілізацыі, нармалізацыі адносін розных палітычных, этнарэлігійных груп, і мы гэта вельмі вітаем, мы вельмі балеем, перажываем за вас па многіх прычынах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў задавальненне тым фактам, што, нягледзячы на вайну, краіны не сталі больш жорсткімі, перагарнулі гэту старонку гісторыі і выбудоўваюць новыя адносіны. "У нас ёсць нейкі абавязак дапамагаць афганскаму народу ў аднаўленні народнай гаспадаркі, рабіць усё для таго, каб у Афганістане людзі жылі добра. Таму што  вы займаеце стратэгічнае становішча ў Азіі і без Афганістана немагчыма ажыццяўляць транзіт, асабліва паміж поўначчу і поўднем, дзе размешчаны гіганцкія дзяржавы з гіганцкім запасам сыравіны", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Афганістан знаходзіцца ў цэнтры барацьбы з сучаснымі пагрозамі. На думку Прэзідэнта Беларусі, усе дзяржавы, чые лідары знаходзяцца сёння ва Уфе, вельмі зацікаўлены ў тым, каб Афганістан быў моцнай дзяржавай. "Таму што і наркатрафік, і тэрарыстычныя пагрозы праходзяць праз вашу краіну. Таму ўсе павінны аб'яднацца для таго, каб умацаваць Афганістан па ўсіх пазіцыях, - палітычных, сацыяльных, каб ён мог процістаяць пагрозам, якія сёння існуюць у свеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.