Сустрэча з прэзідэнтам Фонду міжнароднага супрацоўніцтва Рамана Продзі

  • 5

Беларусь вельмі зацікаўлена ў нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам, але на ўзаемапаважлівай аснове і прынцыпах раўнапраўя. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 снежня на сустрэчы з прэзідэнтам Фонду міжнароднага супрацоўніцтва Рамана Продзі.

"Улічваючы, што мы з вамі еўрапейцы, што нашы краіны знаходзяцца ў Еўропе, мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Але вы павінны дакладна разумець, што мы гатовы да гэтай нармалізацыі на ўзаемапаважлівых прынцыпах, гатовы на прынцыпах раўнапраўя будаваць нашы адносіны", - сказаў беларускі лідар.

"Мы абсалютна, дарэчы, як і вы, не прымаем мову санкцый і разлічваем, што Еўропа будзе разумна падыходзіць да адносін з рэспублікамі былога Савецкага Саюза і перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Нельга тут нам дзейнічаць з пазіцый санкцый, пагроз і гэтак далей. Сучасны свет гэтага не церпіць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што фонд, які заснаваў Рамана Продзі, пасадзейнічае вырашэнню многіх пытанняў міжнароднага парадку дня. "Мы, напэўна, не адзіныя, хто чакае канкрэтных высноў і рэкамендацый вашых калег па сітуацыі ў свеце і нейкіх напрамках дзеянняў у сувязі з тымі праблемамі, якія склаліся на міжнароднай арэне", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для яго вельмі цікава падзяліцца сваім меркаваннем, уражаннямі па сітуацыі ў свеце.

Гаворачы аб двухбаковых беларуска-італьянскіх адносінах, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на высокі ўзровень супрацоўніцтва. Па выніках мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і Італіяй склаў каля $2 млрд. "Улічваючы, што вы нямала зрабілі для Італіі, павінен сказаць, што тыя асновы супрацоўніцтва, якія былі закладзены ў тым ліку і ў ваш час, далі магчымасць сёння выйсці на сур'ёзны ўзровень тавараабароту, - сказаў беларускі лідар. - Таму ў мяне ёсць падставы падзякаваць вам за тыя намаганні, якія былі прыкладзены вамі ў свой час па нармалізацыі адносін з Беларуссю, паглыбленні гэтых адносін".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў свой час па прапанове кіраўніцтва Італіі была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні ў Брэсцкай вобласці прамысловай італьянскай акругі. "Беларусь выканала ўсе свае абавязацельствы ў сувязі з гэтым, і цяпер мы чакаем адказу ад нашых партнёраў з боку Італіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу таксама на правядзенне Італіяй у 2015 годзе міжнароднай выстаўкі "ЭКСПА", прысвечанай харчовай сферы. Ён падкрэсліў, што Беларусь прыме актыўны ўдзел у гэтай выстаўцы і падзякаваў італьянскаму боку за дапамогу, што аказваецца  ў падрыхтоўцы.

"Вы павінны добра разумець і ўяўляць, што Беларусь заўсёды будзе апорай для такіх людзей, як вы, для людзей, якія імкнуцца да міру і спакою ў нашым агульным доме. І ў сувязі з гэтым вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Рамана Продзі.

На сустрэчы абмеркаваны вострыя пытанні міжнароднага парадку дня, у тым ліку абвастрэння сітуацыі на Усходзе, вакол Украіны, а таксама ўзаемаадносін  Расіі з ЕС.

Рамана Продзі адзначыў ролю Прэзідэнта Беларусі ў нармалізацыі адносін Расіі з ЕС.