Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі

  • 1

Беларусь і Грузія ўзаемна настроены нарошчваць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Аб гэтым 22 сакавіка ішла размова на сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і Прэм'ер-міністра Грузіі Георгія Квірыкашвілі.

У час сустрэчы былі абмеркаваны перспектывы ўзаемадзеяння ў розных сферах. У гандлёва-эканамічнай, у прыватнасці, сярод важнейшых задач абазначана дасягненне тавараабароту ў памеры $200 млн. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта першы крок, які Беларусь і Грузія павінны зрабіць у бліжэйшы час. На гэты час бакі паспелі добра вывучыць магчымасці і патрэбнасці адзін аднаго ў частцы ўзаемных паставак. Вялікая ўвага ўдзелена развіццю супрацоўніцтва ў прамысловасці, у тым ліку стварэнню сумесных вытворчасцей.

Як не раз падкрэслівалася ў час сустрэчы, значны імпульс развіццю двухбаковых адносін надаў афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ў красавіку 2015 года. Тады бакі, ацаніўшы значнасць патэнцыялу супрацоўніцтва, дасягнулі вялікай колькасці дамоўленасцей. Над іх рэалізацыяй працуюць цяпер урады дзвюх краін. Беларускі бок, як запэўніў Кіраўнік дзяржавы, ад гэтага курсу не адступіць і гатовы зрабіць столькі, колькі чакае ад яго Грузія.

Цяперашні візіт Георгія Квірыкашвілі ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка назваў не проста знакавым. Паводле слоў беларускага лідара, гэта сведчанне сур'ёзных намераў Грузіі ўмацоўваць адносіны з Беларуссю. Грузінскі бок у сваю чаргу бачыць вялікі прагрэс ва ўсіх сферах узаемадзеяння з Беларуссю і нацэлены на пашырэнне канкрэтных праектаў.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі і Грузіі практычна няма разыходжанняў у знешняй палітыцы. "Няважна, які курс узяла Грузія і якога прытрымліваемся мы. Гэта нам не перашкаджае выбудоўваць адносіны, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Краіны адсочваюць працэсы, якія адбываюцца ў свеце, і гатовы з улікам іх карэкціраваць узаемадзеянне, але, як падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы, толькі ў бок паляпшэння.