Сустрэча з прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Сібірскай федэральнай акрузе Віктарам Талаконскім
- 4
Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні эфектыўных адносін з рэгіёнамі Сібіры па ўсіх напрамках узаемадзеяння. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 чэрвеня на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Сібірскай федэральнай акрузе Віктарам Талаконскім, дзе таксама прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва расійскіх рэгіёнаў, што ўваходзяць у названую акругу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія гады Беларусь і Сібірскі рэгіён далёка рушылі наперад у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, выбудоўваючы ўзаемадзеянне з Расіяй, заўсёды надавала прыярытэтнае значэнне развiццю прамых сувязей з яе суб'ектамі. "Дзякуючы гэтай рабоце намі закладзены трывалы фундамент не толькі для паспяховага развіцця міждзяржаўных адносін, але і для далейшага арганічнага пашырэння інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі", - лічыць Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Сібірская федэральная акруга займае значнае месца ў гандлі Беларусі і Расіі. Па выніках 2012 года сумарны тавараабарот Беларусі з рэгіёнамі акругі дасягнуў амаль $1,5 млрд. Вядучымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з'яўляюцца Кемераўская, Новасібірская, Омская, Іркуцкая вобласці, Краснаярскі і Алтайскі краі.
У мінулым годзе прыкметна актывізаваліся двухбаковыя кантакты, Беларусь наведалі прадстаўнікі кіраўніцтва большасці сібірскіх рэгіёнаў. "Прыняты своеасаблівыя дарожныя карты па далейшаму развіццю супрацоўніцтва. Мы таксама зацікаўлены ў інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння з рэспублікамі Хакасія, Алтай, Бурація і Тыва, Томскай вобласцю і Забайкальскім краем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў кіраўнікам Хакасіі і Томскай вобласці, якія знаходзяцца ў складзе расійскай дэлегацыі, "не адкладаючы надоўга правесці ў гэтым годзе абмен візітамі афіцыйных і дзелавых дэлегацый". "Упэўнены, што гэта дасць магчымасць дакладна вызначыць асноўныя напрамкі развіцця двухбаковых адносін на перспектыву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да кіраўніка Савета Міжрэгіянальнай асацыяцыі "Сібірскае пагадненне" Віктара Зіміна, Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва не толькі з Хакасіяй, але і яшчэ з 14 сібірскімі рэгіёнамі. "У вашай асацыяцыі заключаны з Урадам Беларусі пратакол аб супрацоўніцтве. Таму мы можам, не зацягваючы, актывізаваць наша ўзаемадзеянне. Патэнцыял Сібіры вялікі і тыя $1,5 млрд. тавараабароту, якія мы сёння маем, - гэта добра, але толькі пачатак", - упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Традыцыйна аснову беларускіх паставак у рэгіёны Сібіры складае тэхніка і запчасткі да яе. У Беларусь імпартуецца вугаль, грузавыя вагоны, вуглярод, каўчук, камплектуючыя. "Мы па-ранейшаму гатовы задавольваць патрэбы Сібіры ва ўсёй той гаме прадукцыі, якую выпускаем. Аднак, лічу, нам трэба павялічыць ва ўзаемным гандлі долю высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Больш задзейнічаць сферу паслуг. Беларускія спецыялісты маглі б прыцягвацца да праектаў у сферы будаўніцтва, распрацоўкі прыродных рэсурсаў, сельскай, камунальнай, лясной гаспадаркі, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы гатовы і ў далейшым развіваць вытворчую кааперацыю з прадпрыемствамі Сібіры як шляхам пашырэння наменклатуры тавараў, якія выпускаюцца на ўжо створаных сумесных прадпрыемствах, так і шляхам развіцця новых вытворчасцей".
Паводле слоў Прэзідэнта, важнейшае месца ў двухбаковых адносінах займае кааперацыя ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. "У Сібіры моцны навуковы патэнцыял. Відавочна, што мы яшчэ не на 100%выкарыстоўваем магчымасці супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Нам трэба актывізаваць гэту работу", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што па выніках візіту дэлегацыі Беларусь і Сібірскі рэгіён змогуць значна рушыць наперад у супрацоўніцтве. "Нам няма чаго прыглядацца адзін да аднаго. Давайце дзейнічаць аператыўна, актыўна, тым больш што час сёння такі, што ўвесь свет у крызісе, і спадзявацца на гэты далёкі свет няма чаго. У нас ёсць вопыт супрацоўніцтва ў адной дзяржаве, таму давайце рухацца наперад, грунтуючыся на гэтым вопыце", - прапанаваў Прэзідэнт.
Віктар Талаконскі адзначыў значную дынаміку ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі Сібірскай федэральнай акругі: "Тое, што ўдалося зрабіць за апошнія 10 гадоў, - гэта вялікая, сур'ёзная дынаміка, прарыў". Пры гэтым ён падкрэсліў, што тавараабарот фарміруецца ў асноўным за кошт высокатэхналагічнай сучаснай прадукцыі. "Супрацоўніцтва, інтэграцыя рэгіёнаў Беларусі і Расіі займае важнае месца ў развіцці эканомік. Вельмі хочацца, каб гэтыя адносіны максімальна развіваліся", - сказаў Віктар Талаконскі.
Паводле яго слоў, у расійскіх рэгіёнах цікавы кіраўніцкі вопыт Беларусі ў розных сферах: "Мы сутыкаемся з агульнымі праблемамі. Для нас сёння вельмі вострыя праблемы росту эфектыўнасці вытворчасці, паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мы перакананы ў тым, што ад адкрытасці, маштабу і якасці нашых эканамічных, навукова-тэхнічных, культурных адносін залежыць хуткасць, тэмпы і якасць нашага ўласнага развіцця".
"Беларусь для многіх сібірскіх рэгіёнаў стала вельмі прыкметным і адным з вядучых партнёраў. Яшчэ ёсць шмат магчымасцей і рэзерваў па ўзмацненню кааперацыі, стварэнню сумесных вытворчасцей. Мы гатовы ўсяляк гэтаму садзейнічаць", - заявіў Віктар Талаконскі.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка абазначыў некалькі перспектыўных напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва з Сібірскай федэральнай акругай.
У прыватнасці, Беларусь гатова прапанаваць сваім партнёрам розныя схемы па пастаўцы тэхнікі, у тым ліку ў лізінг. У рэгіёне ёсць вялікая патрэба ў сучасным гарадскім электратранспарце, лесанарыхтоўчай тэхніцы, ліфтавым абсталяванні. Шырокія магчымасці для супрацоўніцтва ёсць і ў сферы сельскай гаспадаркі. "Мы гатовы разгледзець пытанне стварэння ў вас сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы мяса і малака", - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Віктар Талаконскі выказаў зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння па ўсіх абазначаных напрамках і запэўніў, што яны будуць старанна прапрацаваны.
"Для нас гэты інтарэс вельмі важны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы нікуды не дзенемся ад нашага традыцыйнага партнёра, нашых сяброў, з якімі мы размаўляем без перакладчыкаў. Мы свае людзі, і нам трэба супрацоўнічаць".