Сустрэча з прадстаўнікамі дзелавых колаў Султаната Аман

  • 1

Беларусь разглядае Аман як перспектыўнага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра ў рэгіёне Персідскага заліва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 верасня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Султаната Аман.

"Адносіны паміж нашымі дзяржавамі характарызуюцца высокім узроўнем даверу і шчырай дружбай. Хачу падкрэсліць, што мы разглядаем Аман як аднаго з перспектыўных гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў у рэгіёне Заліва. Гэтаму садзейнічала актывізацыя афіцыйных кантактаў на ўрадавым і парламенцкім узроўнях на працягу апошніх двух гадоў. Беларусь гатова развіваць адносіны з вашай дзяржавай па ўсіх напрамках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У бягучым годзе адзначана пэўная дадатная дынаміка ў развіцці гандлю паміж Беларуссю і Аманам, аднак тавараабарот застаецца вельмі нізкім. "Можна сказаць, што мы ў пачатку шляху. Упэўнены, што патэнцыял нашага эканамічнага супрацоўніцтва велізарны і будзе запатрабаваны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь дабілася сур'ёзных поспехаў у сферы машынабудавання і гатова як пастаўляць тэхніку ў Аман, так і ствараць сумесныя прадпрыемствы на яго тэрыторыі. "Бачацца добрыя перспектывы развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У Беларусі створаны самыя спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу: гарантавана абарона прыватнай уласнасці і інвестыцый, забяспечана права на рэпатрыяцыю прыбытку. Мы не ствараем ніякіх перашкод для рэалізацыі любых узаемавыгадных сумесных праектаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Акрамя таго, наша краіна гатова садзейнічаць Аману ў наладжванні супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам. Гэта велізарны рынак тавараў і паслуг Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі, які налічвае больш за 170 млн чалавек".

На сустрэчы было адзначана, што 20 верасня пачне работу першы ў гісторыі Беларуска-аманскі бізнес-форум, у час якога будзе выпрацаваны канкрэтны план узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў дзяржаў. "Упэўнены, што мы зможам надаць новы імпульс развіццю ўзаемавыгадных сувязей", - сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Амана Саід Аль-Кіюмі выказаў удзячнасць Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы. "Гэта сустрэча сведчыць аб зацікаўленасці кіраўніцтва нашай дзяржавы ў развіцці двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі, асабліва ў гандлёвай сферы", - падкрэсліў ён.

У склад дэлегацыі Амана, што прыбыла ў Беларусь, уваходзяць амаль 40 прадстаўнікоў дзелавых колаў - буйнейшыя бізнесмены краіны, якія прадстаўляюць самыя разнастайныя сектары эканомікі. "Гэта самая буйная дзелавая дэлегацыя з пункту гледжання колькасці ўдзельнікаў і ахопу сфер эканомікі, якой выпаў гонар наведаць дружалюбную Беларусь", - заўважыў Саід Аль-Кіюмі.

У час сустрэчы бакі абмеркавалі канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва і дамовіліся ствараць новыя гандлёвыя сувязі. Перспектыўнымі сферамі ўзаемадзеяння, як было адзначана, могуць стаць прамысловасць, IT-тэхналогіі, будаўніцтва, адукацыя, турызм, гасцінічны бізнес, сельская гаспадарка і іншыя.