Сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і прадстаяцелямі памесных праваслаўных цэркваў

  • 10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае асаблівую ролю Рускай праваслаўнай царквы ў падтрыманні міру і згоды ў грамадстве. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 29 ліпеня на сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і прадстаяцелямі памесных праваслаўных цэркваў.

Прэзідэнт падзякаваў Патрыярху Кірылу і прадстаяцелям памесных праваслаўных цэркваў за іх ініцыятыву завяршыць урачыстыя мерапрыемствы ў гонар юбілейнай даты Хрышчэння Русі ў беларускай сталіцы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі ў Беларусі сустракаюць кіраўнікоў і прадстаўнікоў усіх памесных праваслаўных цэркваў. "І тое, што высокія іерархі разам з нашым народам святкуюць вялікую гістарычную дату, сведчыць аб вялікай ролі праваслаўнай духоўнасці ў жыцці беларусаў", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі народ свята шануе і захоўвае веру продкаў на працягу стагоддзяў, колькасць вернікаў у краіне пастаянна ўзрастае.

На думку Прэзідэнта, канструктыўная пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы дапамагае грамадзянам захоўваць вернасць адзіным гістарычным караням і добрым запаветам продкаў. "Гэта з'яўляецца моцнай падмогай тым інтэграцыйным працэсам, якія развіваюцца на постсавецкай прасторы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Адзіная вера, у аснове славянскіх культур, збліжае нас і робіць зразумелымі адзін аднаму. Ніякія граніцы не могуць раздзяліць тое глыбокае адзінства, якое вынікае з нашай гісторыі".

"Апошнім часам мы назіраем узмацненне крызісу заходняй цывілізацыі. Не проста фінансавы або эканамічны разлад, а вельмі глыбокі крызіс маралі і духоўнасці. І настаў ён у тую эпоху, калі прамысловасць і тэхналогіі зрабілі неверагодны скачок, які, здавалася, можа забяспечыць дабрабыт усяму чалавецтву", - сказаў Прэзідэнт.

"Але менавіта цяпер стала зразумела, што не хлебам адзіным будзе жывы чалавек, што не толькі матэрыяльныя даброты з'яўляюцца вызначальнымі для спакою і працвітання людзей. Само жыццё прымушае нас зноў рабіць выбар, шукаць непахісныя духоўныя арыенціры, вызначаць сістэму каштоўнасцей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, беларусы, выбіраючы свой шлях развіцця, абапіраюцца на гуманістычныя каштоўнасці хрысціянства, якія сталі маральным фундаментам нармальнага цывілізаванага грамадства і стасункаў у ім. 

"Калісьці вельмі мудра адзначыў свяціцель Ціхан Задонскі: "Як агню ўласціва саграваць, вадзе арашаць, святлу прасвятляць, так веры жывой уласціва праяўляцца ў добрых справах". Гэтыя словы не страчваюць сваёй актуальнасці і ў наш час, каб процістаяць бездухоўнасці і бяздумнаму спажывальніцтву, каб выхоўваць дастойных людзей. І тут вялікі прастор для дзейнасці як рэлігійных, так і дзяржаўных арганізацый", - лічыць Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем падкрэсліў той факт, што паміж свецкай і духоўнай уладай у Беларусі ўстанавіліся сапраўды партнёрскія адносіны. Дзесяць гадоў таму было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой.

"Хачу запэўніць, што Беларусь заўсёды будзе ціхім, спакойным домам, дзе праваслаўную веру будуць шанаваць і паважаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл звярнуў увагу, што святкаванне 1025-годдзя Хрышчэння Русі з'яўляецца ўнікальнай падзеяй. Паводле яго слоў, у час святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі быў іншы настрой у людзей. Ён адзначыў вялікія змены, якія адбыліся ў Беларусі за 25 гадоў. "Сёння мы ўсе ўжо іншыя. І тыя, хто 25 гадоў таму яшчэ прадчуваў, сёння могуць сведчыць, што праваслаўная вера нясе ў сабе духоўную сілу, якая з'яўляецца фундаментам не толькі асабістага, сямейнага жыцця, але і жыцця народаў", - адзначыў Патрыярх.

"Той духоўны фундамент, які быў закладзены 1025 гадоў таму, з'яўляецца агульным для ўсіх народаў - нашчадкаў князя Уладзіміра, Кіеўскай Русі, і гэты агульны фундамент і ёсць самае галоўнае і асноўнае, што павінна быць у аснове нашага ўзаемадзеяння, у аснове нашай інтэграцыі, - лічыць Патрыярх Кірыл. - Мы ўпэўнены, што калі гэты фундамент будзе пакладзены ў тым ліку і ў аснову нашай інтэграцыі, калі на гэтым фундаменце будзе вырастаць "будынак" будучага, яго не змыюць ніякія ліўні і не знішчаць ніякія землетрасенні, гэты "будынак" вытрымае выпрабаванне часам".

Сустрэча Прэзідэнта з Патрыярхам і кіраўнікамі памесных праваслаўных цэркваў прайшла ў вельмі цёплай атмасферы. Бакі абмяняліся думкамі аб ролі і перспектывах праваслаўя ў сучасным свеце, выказаліся ў абарону традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей. Царкоўныя іерархі падзякавалі за аказаную ім на беларускай зямлі гасціннасць і адзначылі выдатную арганізацыю святочных мерапрыемстваў з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі. 

"Мы вельмі сур'ёзна рыхтаваліся ў Беларусі да гэтага святога свята. Тройчы з Патрыярхам мы абмяркоўвалі гэта пытанне, і мінулы раз я паабяцаў яму, што ў Беларусі гэта будзе самае душэўнае і ўсенароднае свята, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё, што вы бачылі сёння, не з'яўляецца вынікам вялікай арганізатарскай работы ўлад і нашай Беларускай праваслаўнай царквы. Гэта душэўны рух нашага народа. Людзі прасілі нас толькі аб адным, каб мы дапамаглі прыбыць ім на гэтыя ўрачыстасці з кожнага кутка нашай Беларусі". 

Прэзідэнт адзначыў, што на праведзеным у Мінску богаслужэнні прысутнічалі прыкладна 50 тыс. чалавек - жыхароў беларускай сталіцы і рэгіёнаў. "Гэта быў душэўны ўсенародны рух. Мы хацелі, каб менш было пампезнасці, каб гэта было проста і душэўна. Гэта было пакладзена ў аснову", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў асаблівую энергетыку і атмасферу, у якой праходзіла мерапрыемства: "Я адчуваю, што да нас прыехалі самыя добрыя сябры. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўсіх кутках планеты жывуць нашы праваслаўныя людзі. І мы павінны зрабіць усё, каб абараніць праваслаўнага чалавека і нашу веру". 

"Нам недапушчальна гэта страціць. І мы захаваем гэта толькі тады, калі будзем аб'яднаныя і разам будзем змагацца за свае землі, сваіх людзей, сваю веру, за сваё праваслаўе. Мы заўсёды будзем салідарныя з усімі людзьмі, якія з'яўляюцца захавальнікамі традыцый праваслаўнай веры, дзе б гэта ні было. Вы ў гэтым можаце не сумнявацца, што датычыцца пазіцыі беларускага народа і кіраўніцтва нашай краіны", - заявіў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на беларускай зямлі традыцыйна пануе міжканфесійны мір і згода, нягледзячы на тое, што да праваслаўя адносіцца абсалютная большасць насельніцтва краіны. "Аддаючы даніну павагі ўсім канфесіям у Беларусі, мы дакладна вызначылі: праваслаўная вера - галоўная, гэта асноўная вера нашага народа, таму што больш за 80 працэнтаў вернікаў у Беларусі - людзі праваслаўныя. Яны шчыра і душэўна ў гэта вераць. У гэтым вялікая заслуга кіраўнікоў нашай праваслаўнай царквы і, вядома, Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта", - заўважыў беларускі лідар.

"Хто б тут ні быў Прэзідэнтам, Прэм'ер-міністрам, якія б тут ні адбываліся палітычныя рэформы, тут заўсёды будуць шанаваць праваслаўную веру. Мы заўсёды будзем абапірацца на тыя вялікія каштоўнасці, якія выпрацавала чалавецтва ад Хрыста да гэтага часу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля завяршэння сустрэчы Прэзідэнт Беларусі, Патрыярх Кірыл і Мітрапаліт Філарэт прынялі ўдзел у сімвалічным гашэнні спецыяльнага паштовага блока "1025-годдзе Хрышчэння Русі".