Сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам

  • 11
У Беларусі цэняць і берагуць адсутнасць праблем ва ўзаемаадносінах прадстаўнікоў розных канфесій. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 чэрвеня на сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Патрыярх Кірыл неаднаразова прыязджаў у Беларусь, а на гэты раз пабывае на поўдні краіны, дзе пражывае шмат католікаў. "Праваслаўе і там, на заходніх межах нашай краіны, як ніколі магутнае. Католікі і праваслаўныя жывуць вельмі мірна, у нас няма ніякіх адзін да аднаго прэтэнзій, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы стараемся дапамагчы адным і другім, каб людзям было зручна і каб кожны знайшоў сваю дарогу да храма".

У Беларусі жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, у пытаннях рэлігіі "людзі самі вырашаюць, дзе ім быць, як ім быць", падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У краіне цэняць адсутнасць праблем ва ўзаемаадносінах вернікаў і маюць намер захоўваць такі стан спраў, адзначыў Прэзідэнт.  "Я не бачу ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах нашых вернікаў. Мы гэта вельмі цэнім і будзем берагчы, наколькі гэта магчыма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Важнасць гэтага даказвае сітуацыя ва Украіне. Канфлікт тут пачаўся менавіта з расколу ў царкве, "калі было здраджана духоўным каштоўнасцям, калі яны сталі зневажацца". "Усё гэта перайшло ў плоскасць ужо ваеннага процістаяння", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што міратворчая місія Беларусі па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне вядома. "Ад яе нікуды не дзенешся. Мы браты, рускія, беларусы, украінцы, мы ад аднаго кораня. Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк змякчыць сітуацыю, а калі магчыма, і спыніць гэту братазабойчую вайну".

Прэзідэнт выказаў удзячнасць Патрыярху Кірылу за ўсё, што ён робіць для Беларусі. У краіне ўсе добра ведаюць падзвіжніцкую ролю патрыярха, яго стаўленне да краіны. "Я гэта заўсёды цаню і цаніў і вам заўсёды ўдзячны за ўсё тое добрае, што вы робіце для нашай краіны і як Патрыярх, і як проста рускі чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Беларусь - гэта славянская калыска, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, патрыярх Кірыл неаднаразова бываў у Беларусі і мог на свае вочы пераканацца, наколькі адданыя беларусы духоўным караням і каштоўнасцям.

Патрыярх Кірыл у сваю чаргу падзякаваў Беларусі за ролю ў арганізацыі перагавораў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Настаяцель РПЦ падкрэсліў: тое, што адбываецца цяпер ва Украіне, брацкай краіне, з'яўляецца для яго вялікім смуткам. "Гэта сапраўды рана на сэрцы, - сказаў Патрыярх. - Праваслаўная кананічная царква мае ў сваёй пастве людзей як з усходу, так і з захаду. Гэта накладвае зусім асаблівую адказнасць на царкву".

"Сёння наша царква з'яўляецца адзінай арганізацыяй ва Украіне і адзінай сілай, якая захавала міратворчы патэнцыял, таму што яна сябе не атаясаміла ні з аднымі, ні з другімі", - падкрэсліў Патрыярх Кірыл. Ён заявіў, што немагчыма падзяліць паству па палітычным прынцыпе: "І там і там праваслаўныя людзі, і там і там церпяць, гінуць".

Настаяцель РПЦ расказаў, што асабліва хацеў наведаць Беларусь у год 70-годдзя Перамогі. Ён адзначыў, што кожны раз, калі наведвае краіну, зведвае цёплыя і радасныя пачуцці. "Але акрамя таго, ступаючы на беларускую зямлю, заўсёды ўспамінаеш асаблівы ўклад Беларусі ў абарону Айчыны ў апошняй вялікай вайне. Мне асабліва хацелася прыехаць у год святкавання 70-годдзя Перамогі", - сказаў Патрыярх Кірыл.

"Беларусь першая сустрэла гэтыя страшныя полчышчы, якія абрушыліся на нашу зямлю. Цаной вялікіх ахвяр было зроблена тое, што вораг не змог маланкава прайсці сотні кіламетраў, якія аддзялялі заходнюю граніцу ад сталіцы", - адзначыў настаяцель РПЦ.

Ён падкрэсліў, што Беларусь адыграла асаблівую ролю ў Вялікай Перамозе, і ў год яе 70-годдзя лічыць сваім абавязкам пакланіцца героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Айчыны.

Патрыярх падзякаваў за прадастаўленую магчымасць наведаць Брэсцкую крэпасць, каля сцен якой загінуў яго дзядзька. "Гэта святое месца з'яўляецца ўзорам гераізму, адвагі, здольнасці людзей не проста да канца сваіх фізічных сіл, а звыш усялякіх фізічных магчымасцей змагацца з ворагам і быць верным прысязе", - сказаў ён.

У час сустрэчы Патрыярх Кірыл уручыў Прэзідэнту Беларусі ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага І ступені, а таксама перадаў у дар абраз святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар патрыярху абраз "Анёл-ахоўнік". Ён уяўляе сабой рэльефную выяву анёла-ахоўніка, вырабленую з серабра ў тэхніцы чаканкі. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы правёў для Патрыярха кароткую экскурсію па залах Палаца Незалежнасці, дзе праходзіла сустрэча.