Сустрэча з паслом Узбекістана Насірджанам Юсупавым

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 лістапада на сустрэчы з паслом Узбекістана Насірджанам Юсупавым пацвердзіў прыхільнасць краіны да поўнай рэалізацыі дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва.

"Мы зацвердзілі нядаўна дарожную карту - план нашай дзейнасці на перспектыву. Прэм'ер-міністры падпісалі гэты план. Перадайце Шаўкату Мірамонавічу (Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. - Заўвага), што я строга буду кантраляваць выкананне гэтага плана, мы прыхільныя да поўнай яго рэалізацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва Беларусі з дружалюбным Узбекістанам развіваецца вельмі добра і інтэнсіўна. "Самы галоўны вынік усяго гэтага, што мы навярсталі тое адставанне ў нашым супрацоўніцтве, якое накапілася за папярэднія гады. Я ўжо гаварыў пра вашага Прэзідэнта, што гэта ў асноўным яго заслуга", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра лідара Узбекістана, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што яшчэ на пасадзе Прэм'ер-міністра Шаўкат Мірзіёеў займаўся стратэгіяй развіцця краіны. "Гэта чалавек, які ведае і любіць Узбекістан, які зрабіў шмат добрага для Узбекістана ўласнымі рукамі. Ён бачыў усе праблемы. Таму калі стаў Прэзідэнтам, яму не трэба было ўваходзіць у курс спраў, глядзець на кадры. Ён усё бачыў знутры. Ён вельмі хутка разгарнуўся, і па ўсіх напрамках у яго поспех", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Я многіх бачыў прэзідэнтаў - ніхто з нас так актыўна, так хутка не вырашаў тыя праблемы, якія наспелі. Ён проста малайчына. Я гэта гавару шчыра", - падкрэсліў беларускі лідар, маючы на ўвазе заслугі Шаўката Мірзіёева на прэзідэнцкай пасадзе.

Ён таксама адзначыў, што краінам у гэты перыяд удалося ліквідаваць запазычанасць у развіцці супрацоўніцтва, якая склалася за папярэднія паўтара-два дзясяткі гадоў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Прэзідэнта Узбекістана чакаюць з візітам у Беларусі ў любы зручны для яго час. "Вам акажам усялякую падтрымку тут, каб арганізаваць візіт. Мы яго будзем сустракаць як нашага не проста сябра - гэта наш брат, чалавек, які вельмі любіць Беларусь. Гэта мяне заўсёды падкупляе. І ён сапраўды шчыра ставіцца да Беларусі, таму што добра ведае нашу краіну. Мы для вас заўсёды будзем надзейным партнёрам, закрытых тэм для супрацоўніцтва няма. Многае пачалі ўжо рабіць і многае яшчэ зробім", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.