Сустрэча з паслом Кыргызстана ў Беларусі Кубанычбекам Амураліевым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае добрую дынаміку ў адносінах Беларусі і Кыргызстана. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 25 лютага ў час сустрэчы з паслом Кыргызстана ў Беларусі Кубанычбекам Амураліевым.

"Вы ні ў якім разе не павінны сумнявацца (пры ўсякіх там нюансах) - Беларусь заўсёды для вас была і будзе заставацца не проста партнёрам, а сябрам, - запэўніў Прэзідэнт. - Я вельмі разлічваю, што аналагічную палітыку будзе праводзіць і кіраўніцтва Кыргызскай Рэспублікі".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не так даўно абодва народы жылі ў адной дзяржаве, і ў Беларусі заўсёды з любоўю і разуменнем ставіліся да кыргызскага народа. Ён таксама адзначыў, што беларусаў і кыргызаў аб'ядноўваюць у тым ліку такія якасці, як працавітасць і міралюбнасць.

"Мы будзем прытрымлівацца добрага парадку дня ў адносінах паміж Беларуссю і Кыргызстанам, і любыя вашы просьбы, прапановы, заўвагі неадкладна будуць разгледжаны ўрадам і мною. Мы заўсёды адрэагуем", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама даў высокую ацэнку асабістым якасцям Прэзідэнта Кыргызстана Сааранбая Жээнбекава: "Гэта вельмі прыстойны чалавек. Бывае ж так, што ў патрэбны час і ў патрэбным месцы ў самы складаны час Гасподзь пасылае таго чалавека, які вельмі патрэбны гэтаму народу. Я вельмі спадзяюся і ўпэўнены, што калі вы з'яднаецеся вакол гэтага чалавека, то вы вельмі многага можаце дасягнуць".

У сваю чаргу пасол Кыргызстана падзякаваў за магчымасць сустрэчы. "Што датычыцца нашага двухбаковага супрацоўніцтва, мы, сапраўды, у адной дзяржаве жылі, мы гэта помнім, асабліва наша пакаленне, мы і цяжкае прайшлі, у першую чаргу Вялікую Айчынную вайну", - адзначыў Кубанычбек Амураліеў.