Сустрэча з Папам Рымскім Францыскам
- 24
- 3:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Папа Рымскі Францыск 21 мая ў час сустрэчы ў Апостальскім палацы ў Ватыкане абмеркавалі развіццё адносін Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пантыфіка Францыска прадаўжалася амаль 40 мінут, з якіх большую частку часу Прэзідэнт і Папа Рымскі размаўлялі ў фармаце "сам-насам". Сустрэча праходзіла ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы. Ужо ў прысутнасці членаў афіцыйнай дэлегацыі бакі абмяняліся падарункамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падарыў Пантыфіку копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую з дапамогай унікальнай тэхнікі разьбы па дрэве, мадэль карэты, зробленую па той жа тэхналогіі, а таксама галаграфічны абраз. Як адзначыў Прэзідэнт, гэты абраз злучае ў сабе гісторыю і сучаснасць.
![]()
Папа Рымскі Францыск, у сваю чаргу, падарыў Прэзідэнту тры напісаныя ім дакументы аб Евангеллі, ахове прыроды і сям'і. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў азнаёміцца з іх зместам і перадаць іх на захоўванне ў Прэзідэнцкую бібліятэку. Яшчэ адзін падарунак Пантыфіка - мастацкая выява аліўкавага дрэва, якое з'яўляецца сімвалам міру. У гэтым плане Папа Рымскі асабліва падкрэсліў тую мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь. "Мінск можа быць месцам міру", - сказаў ён.
На заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт Беларусі і Пантыфік цёпла пагаварылі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Папе Рымскаму Францыску наведаць выставу беларускіх абразоў, якая 18 мая адкрылася ў музеі Ватыкана. Ён таксама запрасіў Пантыфіка зрабіць візіт у Беларусь. "Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля аўдыенцыі ў Папы Рымскага адбылася таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Ватыкана П'етра Паралінам. Разам яны таксама агледзелі выставу "Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" . Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта толькі першы значны крок у развіцці музейнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам і за гэтай выставай пойдуць многія іншыя цікавыя і маштабныя праекты.
Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар музею сучасны беларускі абраз, а асабіста кардыналу П'етра Параліну ўручыў набор марак на рэлігійную тэматыку з выявамі праваслаўных і каталіцкіх абразоў.
У канцы візіту Прэзідэнт Беларусі адказаў на пытанні журналістаў. Кіраўнік дзяржавы цёпла выказаўся аб сустрэчы з Пантыфікам. "Гэта была ў тым ліку асабістая сустрэча. Яна прайшла вельмі добра. Лепш не бывае. Мы блізкія з ім ідэалагічна, у нас аднолькавыя прынцыпы і погляды на ўладкаванне свету, развіццё. Тыя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся як Прэзідэнт, цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца Папа Францыск. І на падставе гэтага ў нас адбылася вельмі душэўная і цёплая размова", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Ён вельмі добра праінфармаваны аб сітуацыі ў нашай краіне, добра ведае аб міжканфесійнай згодзе, якая пануе ў нас, аб сітуацыі ў сацыяльнай сферы, эканоміцы", - расказаў Прэзідэнт.
"Я выказаў думку, што Пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія хацелі б бачыць гэта рукапацісканне не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і Пантыфік гэта таксама падкрэсліў), якія адбыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, многія свяшчэннаслужыцелі ў якасці самай святой нагоды для такой сустрэчы прапануюць аддаць даніну памяці загінулым у Першай і Другой сусветных войнах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта мерапрыемства, напрыклад, можна было б прымеркаваць да ўзвядзення храмаў або капліц розных канфесій або закладкі каменя ў іх будаўніцтва. У якасці месца Аляксандр Лукашэнка прапанаваў раён мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", дзе ў гады вайны былі спалены многія тысячы мірных жыхароў самых розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такая сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Рускай праваслаўнай царквы магла б садзейнічаць і міратворчаму працэсу ва Украіне. "У гэтым выпадку я запрасіў іх у Беларусь. Запрасілі б свяшчэннаслужыцеляў - еўрапейскіх, украінскіх, расійскіх, нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся б у імя міру. Добрая была б ініцыятыва ў развіццё мінскіх дамоўленасцей", - сказаў беларускі лідар.
У прыватнасці, у час сустрэчы Пантыфік цікавіўся сітуацыяй у рэгіёне, асабліва ў сувязі з украінскім канфліктам. "Я выказаў сваю пазіцыю, што цяперашні стан, сітуацыя на ўсходзе Украіны, мае патрэбу ў новых ініцыятывах, і пажадана духоўных", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю журналістам таксама растлумачыў матывы свайго візіту ў Італію і Ватыкан: "Італія заўсёды нас падтрымлівала ў самыя складаныя часы. Італія і Ватыкан (я ім падзякаваў за гэта) вельмі шмат зрабілі для таго, каб мы аднавілі нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. Мы гэтаму ўдзялілі пэўны час, асабліва з Прэзідэнтам Італіі. І гэта прычына майго візіту на гэту свяшчэнную зямлю. Я проста павінен быў падзякаваць гэтым людзям за разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі, і за нармалізацыю гэтых адносін".
Што датычыцца перспектыў развіцця беларуска-італьянскага супрацоўніцтва, Прэзідэнт назваў іх вельмі добрымі. Аб гэтым сведчаць і пазітыўныя водзывы з боку кіраўніцтва Італіі. Сёння ўжо ёсць прапановы і ўзаемнае жаданне вярнуцца да тых праектаў, аб якіх бакі некалі дамаўляліся. Сярод іх - стварэнне ў раёне Брэста італьянскага прамысловага парка.
Беларусі таксама цікавы вопыт Італіі ў развіцці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія адыгрываюць дамінуючую ролю ў італьянскай эканоміцы. "Размова была працяглая (з Прэзідэнтам Італіі Серджыа Матарэла), і я ўпэўнены, што яна скончылася на пазітыўнай ноце з пункту гледжання перспектыў. Упэўнены, што беларускі народ у бліжэйшы час убачыць і адчуе гэтыя перспектывы", - рэзюмаваў беларускі лідар.