Сустрэча з намеснікам Старшыні Савета Міністраў Польшчы Матэвушам Маравецкім
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе падняць на больш высокі ўзровень планку гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Польшчай. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 24 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам Старшыні Савета Міністраў, Міністрам развіцця і фінансаў Польшчы Матэвушам Маравецкім.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Польшча маюць пэўны ўзровень тавараабароту. "У эканоміцы мы не страцілі, як у палітыцы, кантакты. Тым не менш планку гэту трэба паднімаць вельмі высока. Таму што, калі мы разлічваем на больш цесныя адносіны з нашай бліжэйшай суседкай, нам, зразумела ж, трэба ствараць фундамент гэтых адносін. І гэтым фундаментам можа быць толькі эканоміка", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі бок зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў з Польшчай і гатовы аказаць неабходную падтрымку.
Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў эканамічным супрацоўніцтве ёсць і некаторыя засмучальныя факты. "Думаю, што ў ходзе пасяджэння сумеснай камісіі вы зможаце разгледзець іх і намеціць шляхі, як іх нівеліраваць, як зблізіць нашы пазіцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы ў нечым не маем рацыі, мы хацелі б, каб і Польшча, і ЕС у цэлым прадставілі пэўныя жалезабетонныя факты, супраць якіх цяжка будзе выступіць. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавы разбор і гэтак далей".
"Вам як прафесіяналу няма сэнсу тлумачыць розныя пікіроўкі з двух бакоў у сферы мытных працэдур, узаемнага гандлю. У кожнай дзяржавы заўсёды на любыя санкцыі знойдзецца мера ў адказ. Упэўнены, што нам гэта не трэба", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў гэтай сітуацыі церпіць і эканоміка Польшчы, асабліва з прычыны эмбарга з боку Расіі і эканамічных цяжкасцей у суседніх краінах, перш за ўсё ва Украіне. "Таму нам агароджу будаваць з новых нейкіх перашкод у сферы эканомікі не трэба. Мы гатовы да таго, каб нармальна развіваліся нашы адносіны з вельмі блізкай для нас краінай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі гаварыць аб цяперашнім этапе нашага супрацоўніцтва, намецілася пэўная тэндэнцыя да ўстанаўлення больш цесных адносін паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе не столькі залежаць ад Беларусі, колькі ад пазіцыі вашай краіны. Вы бачыце наша імкненне наладзіць добрыя адносіны не толькі з усімі суседзямі, але і з Заходняй Еўропай, ЕС у цэлым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Матэвуш Маравецкі згадзіўся, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца добрай базай для развіцця ўзаемадзеяння і ў іншых галінах. Ён выказаў гатоўнасць абмеркаваць праблемныя пытанні і знайсці неабходныя рашэнні. Польскі віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляецца адной з прыярытэтных задач цяперашняга Урада.
Паводле яго слоў, добрыя магчымасці для ўзаемадзеяння ёсць у сферах стварэння сумесных прадпрыемстваў, банкаўскім сектары, захаванні культурнай спадчыны.