Сустрэча з Намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр'яўцам

  • 1

Беларусь і Славенія дамовіліся больш актыўна развіваць усебаковае супрацоўніцтва. Узаемная зацікаўленасць у пашырэнні кантактаў была выказана 25 сакавіка ў час сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр'яўцам.

"Перш за ўсё хачу падзякаваць за тую пазіцыю, якую ў апошнія гады займала Славенія адносна Беларусі, у прыватнасці, пры абмеркаванні праблем з ЕС, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы людзі ўдзячныя і бачым усё - пачынаючы ад гэтых палітычных пытанняў і заканчваючы звычайнымі адносінамі паміж людзьмі. Маю на ўвазе ваша добрае стаўленне да беларускіх дзяцей з пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў, якіх вы пастаянна запрашаеце на адпачынак, аздараўленне".

"Не думаю, што ў нас былі ці будуць нейкія праблемы на палітычным, дыпламатычным узроўні або ў адносінах паміж людзьмі. Тут абсалютна няма і не павінна быць праблем, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Была нейкая паўза па вядомых і нам, і вам прычынах, але мы лічым, што Славенія да гэтага ніякага дачынення не мае".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі з рэспублікамі былой Югаславіі, у тым ліку са Славеніяй заўсёды былі добрыя адносіны, якія захаваліся і цяпер. "У беларускага народа і мяне асабіста склалася вельмі добрае меркаванне аб славенцах, і гэта, вядома ж, накладвае сур'ёзны адбітак на двухбаковыя адносіны ў добрым сэнсе слова", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фундаментам двухбаковых адносін з'яўляецца эканоміка. "Я гавару пра эканоміку не таму, што тут ёсць нейкія праблемы. Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі славенскага бізнесу, з усімі тымі, хто хацеў бы з намі супрацоўнічаць", - заўважыў Прэзідэнт. - Каб надаць стабільнасць эканамічным адносінам, трэба было б мець некалькі буйных сумесных праектаў, можа 3-4, яны ў прынцыпе ўжо вырысоўваюцца, каб вельмі цесна звязаць дзве краіны, каб потым ужо нават Еўрапейскі саюз не змог на гэта паўплываць, таму што асновай усяго з'яўляецца эканоміка".

У сваю чаргу Карл Эр'явец сказаў аб тым, што Беларусь у асобе Славеніі заўсёды мае надзейнага прыхільніка. На сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў, у тым ліку ў сферах энергетыкі, лесаперапрацоўкі. Славенскі бок мае намер развіваць доўгатэрміновыя перспектыўныя праекты з Беларуссю. Кіраўнік дзяржавы запрасіў славенскіх бізнесменаў больш актыўна прыходзіць на беларускі рынак.

Акрамя таго, кіраўнік славенскага МЗС заявіў аб зацікаўленасці ў найхутчэйшым падпісанні дакумента аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова да далейшага ўсебаковага супрацоўніцтва са Славеніяй на ўзаемавыгадных умовах.