Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Георге Хіаарэ

  • 1

Беларусь і Малдова заўсёды падтрымлівалі і будуць падтрымліваць адна адну. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Мінску Георге Хіаарэ з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў краіне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды сумна расставацца з тымі дыпламатамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін з Беларуссю. Ён звярнуў увагу на той факт, што сустракаецца толькі з тымі пасламі, якія працавалі канструктыўна, любілі Беларусь і імкнуліся ўмацоўваць адносіны.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ведае Малдову з савецкіх часоў як цудоўную краіну, дзе добрыя і працавітыя людзі. На думку Кіраўніка дзяржавы, Малдова эканамічна падобная да Беларусі. "Мы заўсёды зараблялі сваёй працай - і цяпер, і тады, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І ў самыя цяжкія часы мы падтрымлівалі добрыя адносіны, заўсёды працягвалі руку дружбы і жылі як браты".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што Георге Хіаарэ будаваў сваю дыпламатычную дзейнасць зыходзячы з гэтай канцэпцыі і новы пасол будзе праводзіць такую ж палітыку. "Думаю, што Беларусь для Вас ніколі чужой не была, і Вы нямала зрабілі для інтэнсіфікацыі беларуска-малдаўскіх адносін, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Вы павінны ведаць, што паміж Беларуссю і Малдовай - адкрытыя адносіны. Я катэгарычна супраць розных бар'ераў, усё павінна быць адкрыта, мы павінны мець стасункі, давяраць адзін аднаму. Нам з Малдовай няма чаго дзяліць, у нас няма пытанняў, па якіх мы мелі б розныя пункты гледжання".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць нядаўняй сустрэчы ў Бішкеку з Прэзідэнтам Малдовы, у час якой было абмеркавана нямала пытанняў двухбаковага парадку дня. Дарэчы, гэты год - насычаны для беларуска-малдаўскіх адносін, паколькі ў планах - візіты ў Мінск Прэзідэнта, а таксама Прэм'ер-міністра Малдовы. Важна, што беларуска-малдаўскія адносіны маюць устойлівы пазітыўны характар і развіваюцца ў дружалюбнай і канструктыўнай атмасферы.

У сваю чаргу пасол сказаў, што Беларусь з'яўляецца дружалюбнай і брацкай краінай для Малдовы. "Нашым краінам сапраўды няма чаго дзяліць, - упэўнены Георге Хіаарэ. - Нашы чалавечыя, а таксама эканамічныя адносіны - на самым высокім узроўні". Пасол заўважыў, што вельмі палюбіў Беларусь і гасцінны, таленавіты беларускі народ. Дыпламат падкрэсліў, што ніколі не было і, як ён спадзяецца, не будзе ніякіх бар'ераў паміж дзвюма краінамі. Малдаўскі бок разлічвае, што ў перспектыве супрацоўніцтва з Беларуссю будзе толькі пашырацца, у тым ліку і ў рамках ЕАЭС.