Сустрэча з Міністрам транспарту і камунікацый Анатолем Сіваком і першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Радзьковым

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання і развіцця айчыннай школы па падрыхтоўцы кадраў для авіяцыі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 28 ліпеня ў ходзе рабочай сустрэчы з Міністрам транспарту і камунікацый Анатолем Сіваком і першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Радзьковым. На сустрэчы абмяркоўвалася прапанова аб пераўтварэнні Мінскага дзяржаўнага вышэйшага авіяцыйнага каледжа ў акадэмію.

    Прэзідэнт растлумачыў вынясенне гэтага пытання на публічнае абмеркаванне выключнай важнасцю захавання адукацыйнай базы для падрыхтоўкі авіяцыйных спецыялістаў, каб не дапусціць узнікнення праблем, з якімі, напрыклад, сутыкнулася Расія, дзе недастатковы прафесійны ўзровень лётнага складу прывёў да шэрага аварый і катастроф.

    "Мы захавалі гэту адукацыю, і ў нас ёсць вышэйшы авіяцыйны каледж. Мы яго пераўтвараем у акадэмію", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што размова павінна весціся не аб фармальным змяненні назвы або статусу, а аб глыбіннай рэформе.

    Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ва ўдзельнікаў сустрэчы неабходнасцю прапанаванага пераўтварэння, звязанымі з гэтым матэрыяльнымі затратамі. Адным з пунктаў абмеркавання таксама стала пытанне аб неабходнасці перадачы гэтай установы з ведання Мінтранса Міністэрству адукацыі. "Ці трэба гэта рабіць? Быў падрыхтаваны праект указа, - адзначыў Прэзідэнт. - Мяне насцярожвае, што ў нас ёсць галіновыя ВНУ, і мы іх не перадаём Міністэрству адукацыі". Прэзідэнт падкрэсліў, што ў любым выпадку галоўная задача заключаецца ў знаходжанні лепшага варыянта з пункту гледжання эфектыўнасці прапанаваных пераўтварэнняў.

    Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, з фармальнага пункту гледжання неабходнасць змянення статусу выклікана тым, што Кодэкс аб адукацыі не прадугледжвае наяўнасці такога віду навучальных устаноў, як вышэйшы каледж. Але, безумоўна, маецца на ўвазе таксама глыбокая рэформа з пункту гледжання якасці адукацыі.

    Па выніках рабочай сустрэчы каледж і ствараемую на яго базе авіяцыйную акадэмію вырашана пакінуць у веданні галіновага міністэрства.

    Чакаецца, што акадэмія будзе створана на працягу года. Пры гэтым плануецца мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы, павысяцца патрабаванні да выкладчыцкага складу.