Сустрэча з Міністрам спорту Расіі Паўлам Калабковым

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за зняцце абмежаванняў у Расіі на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту. Гэта тэма абмяркоўвалася 11 снежня на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з Міністрам спорту Расіі Паўлам Калабковым.

"Я ўдзячны вам, што ў нас ёсць рух у прыраўноўванні беларусаў да расіян, каб тут не было адрозненняў. Па хакеі нібыта вырашылі праблему, але, я думаю, трэба рухацца і па іншых відах спорту. Я некалі Прэзідэнту (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага) гаварыў, што нам не трэба баяцца, што будуць думаць іншыя дзяржавы. Калі яны хочуць мець роўныя правы, трэба ўступаць у Саюз Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў поспехі расійскіх спартсменаў на апошніх міжнародных стартах і прызнаўся, што, калі на спаборніцтвах не выступаюць беларусы, то заўсёды балее за каманду Расіі. "Вы проста малайцы, па-рускі зубы сціснулі і бартанулі нарвежцаў нават у лыжных відах спорту. Дай бог, каб у лыжнікаў так далей было, як на гэтых першых этапах", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў частцы выкарыстання спартыўных аб'ектаў абедзвюх краін для падрыхтоўкі спартсменаў, у тым ліку да летніх Алімпійскіх гульняў у Японіі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што расійскія атлеты пры неабходнасці заўсёды могуць трэніравацца ў Беларусі.