Сустрэча з міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Нірмалай Сітхараман і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці

  • 1
Беларусь і Індыя маюць намер актыўна і ў поўнай меры выконваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці. Аб іх рэалізацыі ішла размова 7 верасня ў час сустрэчы з міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Нірмалай Сітхараман і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Мінску.

Вітаючы Нірмалу Сітхараман, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ёй за візіт і падкрэсліў: "Гэта вельмі важная сустрэча пасля перагавораў на вышэйшым узроўні з Прэзідэнтам Індыі, які наведаў Беларусь у чэрвені бягучага года". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час свайго нядаўняга візіту ў Кітай сустракаўся з Прэзідэнтам Пакістана. "І мы вельмі шмат гаварылі пра Індыю, пра тыя намаганні, якія яна прыкладае для нармалізацыі адносін у поўным аб'ёме з гэтай краінай", - расказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў у цэлым узровень узаемаадносін з Індыяй і ў прыватнасці вынікі перагавораў на вышэйшым узроўні з Кіраўніком індыйскай дзяржавы. "Мы добра правялі перагаворы і шмат аб чым дамовіліся. Думаю, што ваш візіт будзе каштоўны тым, што мы пачнём рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці на практыцы", - сказаў ён. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Індыяй. "Нішто не перашкаджае нам узаемадзейнічаць па любым напрамку", - дадаў ён.

"Фундаментам любых адносін з'яўляюцца гандаль і эканоміка, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Гандлёва-эканамічныя сувязі - гэта аснова нашых узаемаадносін, і наколькі актыўна будуць узаемадзейнічаць ключавыя міністэрствы Беларусі і Індыі, настолькі паспяховымі будуць двухбаковыя адносіны па ўсіх напрамках".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Нірмала Сітхараман у час свайго візіту ў Мінск можа азнаёміцца з магчымасцямі Беларусі ў розных сферах. "І калі ў вас будзе інтарэс да якой-небудзь тэмы, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць для рэалізацыі таго ці іншага напрамку", - запэўніў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Індыя з'яўляецца дружалюбнай для Беларусі краінай яшчэ з савецкіх часоў, і цяпер гэтыя адносіны, якія складваліся дзесяцігоддзямі, развіваюцца і мацнеюць.

У сваю чаргу Нірмала Сітхараман падзякавала Прэзідэнту Беларусі за добрыя словы ў адрас сваёй краіны і за гасцінны прыём, аказаны Прэзідэнту Індыі ў ходзе яго візіту ў Мінск у чэрвені бягучага года. "Гэты візіт надоўга застанецца ў памяці", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, міністр гандлю і прамысловасці нагадала, што ў час візіту на вышэйшым узроўні Індыя выдзеліла крэдытную лінію на $100 млн. "Мы спадзяёмся, што зможам знайсці праекты ў сферах агульных інтарэсаў, якія ў далейшым будуць рэалізаваны з выкарыстаннем гэтай крэдытнай лініі", - сказала Нірмала Сітхараман.

Яна таксама падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках ЕАЭС, якое лічыць вельмі перспектыўным.

Міністр таксама выказала меркаванне, што Беларусь - цудоўная дружалюбная краіна, добрыя адносіны з якой у Індыі выбудаваліся вельмі даўно. "Беларусь, з'яўляючыся часткай Савецкага Саюза, актыўна супрацоўнічала з Індыяй. І мы цэнім сувязі, якія Індыя падтрымлівае з краінамі рэгіёна", - запэўніла індыйская госця.

У ходзе сустрэчы асабліва была закранута тэма гандлёва-эканамічных адносін. Прэзідэнт Беларусі лічыць недастатковым цяперашні ўзровень беларуска-індыйскага тавараабароту. У мінулым годзе гэты паказчык складаў крыху больш за $400 млн, а за 7 месяцаў гэтага года - звыш $300 млн. І хоць назіраецца дынаміка росту, паводле ўзаемнага меркавання беларускага і індыйскага бакоў, ёсць патэнцыял для істотнага пашырэння двухбаковага тавараабароту. Таму размова ішла аб канкрэтных вектарах далейшага, больш актыўнага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, у тым ліку ў галінах прамысловасці, машынабудавання, фармацэўтыкі, калійнай сферы, IT-тэхналогій, а таксама адукацыі.

У прыватнасці, беларускі бок разглядае магчымасць стварэння ў Індыі буйнога прамысловага цэнтра, дзе будуць наладжаны вытворчасць, рэалізацыя і сэрвіснае абслугоўванне. У праекце плануецца задзейнічаць БелАЗ, МТЗ, МАЗ і іншыя буйныя беларускія прадпрыемствы, прадукцыя якіх будзе рэалізоўвацца ў Індыі. Індыйскі бок зацікавіўся гэтай ідэяй і выказаў гатоўнасць прыкласці максімум намаганняў для яе рэалізацыі.

Прэзідэнт Беларусі запрасіў індыйскія фармацэўтычныя кампаніі больш актыўна прыходзіць на беларускі рынак, у тым ліку з перспектывай рэалізоўваць прадукцыю ў краінах ЕАЭС.

Была закранута таксама тэма супрацоўніцтва ў калійнай сферы. Нірмала Сітхараман сказала аб гатоўнасці індыйскіх кампаній не толькі купляць калійныя ўгнаенні, але і аб жаданні інвесціраваць у беларускую калійную галіну.

Індыйскі бок таксама выказаў зацікаўленасць у тым, каб больш студэнтаў з Індыі вучыліся ў Беларусі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова прыняць усіх жадаючых атрымліваць адукацыю ў нашай краіне.

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі Маноджа Кумара Бхарці ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дыпламат шмат чаго зрабіў для ўмацавання беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.