Сустрэча з Міністрам фінансаў Катара Алі Шарыфам аль-Імадзі і Міністрам транспарту і камунікацый Катара Джасемам Бен Сейфам аль-Сулайці
- 1
Беларусь гатова стварыць неабходныя ўмовы для рэалізацыі сумесных з Катарам буйных інвестпраектаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 лістапада на сустрэчы з Міністрам фінансаў Дзяржавы Катар Алі Шарыфам аль-Імадзі і Міністрам транспарту і камунікацый гэтай краіны Джасемам Бен Сейфам аль-Сулайці.
Кіраўнік дзяржавы, вітаючы гасцей, падзякаваў катарскаму боку "за тую работу, якая была сумесна праведзена зусім нядаўна ў Катары". "Мы з вамі змаглі пагаварыць па многіх праблемах, якія цікавяць Беларусь, перш за ўсё аб узаемаадносінах паміж нашымі дзяржавамі, аб магчымасцях, якія сёння ўяўляюцца нам у плане эканамічнага супрацоўніцтва і іншых напрамкаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У сувязі з гэтым мы з вамі сышліся на думцы, што нам няма неабходнасці гаварыць, з чаго пачаць, таму што вы рэалізавалі ў Беларусі вельмі буйны інвестыцыйны праект, пабудаваўшы гасцініцу "Марыёт".
Тым не менш, як упэўнены Прэзідэнт, на гэтым спыняцца нельга. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час яго нядаўняга візіту ў Катар размова ішла аб двух-трох сур'ёзных праектах, якія прадэманстравалі б агульную рашучасць дзейнічаць у напрамку пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што праведзена пэўная работа беларускімі фінансавымі ведамствамі, банкамі ў гэтым напрамку. "Я вітаю пажаданні Катара працаваць у Беларусі, і мы створым для гэтага ўсе неабходныя ўмовы", - запэўніў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў той факт, што катарская дэлегацыя, паабяцаўшы прыехаць у Мінск для перагавораў, зрабіла гэта вельмі хутка. Ён ўпэўнены, што гэтыя перагаворы стануць добрым падрыхтоўчым этапам да візіту Эміра Катара ў Мінск.
У сваю чаргу Алі Шарыф аль-Імадзі запэўніў, што Катар мае намер дакладна рэалізаваць усе дамоўленасці на вышэйшым узроўні з Беларуссю. Ён сказаў, што гэты візіт стаў прадаўжэннем нядаўняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў Катар. Міністр фінансаў таксама паведаміў, што Эмір Катара даў дакладныя ўказанні рэалізаваць усе дамоўленасці. Гэтым тлумачыцца такі хуткі прыезд у адказ катарскай дэлегацыі, якая мае намер дэталёва абмеркаваць пытанні, звязаныя з дарожнай картай супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі.
Асноўная задача сустрэч і перагавораў катарскай дэлегацыі ў Мінску - грунтоўна прапрацаваць усе напрамкі дасягнутых на вышэйшым узроўні дамоўленасцей паміж дзвюма краінамі напярэдадні візіту Эміра Катара ў Мінск.