Сустрэча з кіраўніцтвам Урада і Нацбанка
- 1
Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі абмеркавана 23 жніўня на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з Прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым і Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы перыяд 2016 года.
Абмяркоўвалася таксама супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі па канкрэтных пытаннях. У іх ліку праект па рэканструкцыі аўтадарогі Мінск - Гродна, які рэалізуецца сумесна з Сусветным банкам. "Трэба ўсё рабіць, каб гэта супрацоўніцтва не спынялася. Для нас гэта вельмі выгаднае супрацоўніцтва, асабліва ў гэты перыяд", - адзначыў Прэзідэнт.
Андрэй Кабякоў далажыў, што ў той матрыцы задач, якая была вызначана Кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны. Гэта паказчык інфляцыі. Ва Урадзе разлічваюць, што інфляцыю ў 2016 годзе, як і планавалася, можна будзе ўтрымаць у межах 12 працэнтаў.
Эканоміка краіны паступова вяртаецца на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту. Па пераважнай большасці паказчыкаў прысутнічае дадатная дынаміка, якая характарызуе якасныя змяненні ў эканоміцы.
Прэзідэнт падрабязна праінфармаваны аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны. Абмеркаваны праблемныя пытанні, якія датычацца функцыянавання дзяржпрадпрыемстваў. Разгледжана выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідзіравання ў сферы ЖКГ.
Акрамя таго, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур далажыў Кіраўніку дзяржавы аб сітуацыі на валютным рынку і ў банкаўскім сектары. Нягледзячы на зніжэнне экспарту ў цэнавым выражэнні, Урад і Нацбанк разам з банкаўскай сістэмай прынялі адпаведныя меры, якія далі магчымасць істотным чынам стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу Урада і Нацбанка, а таксама іншых банкаў на неабходнасць прыкласці адпаведныя намаганні для захавання належнай рэсурснай падтрымкі непасрэдна для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі.
Прэзідэнт таксама падтрымаў прапанову Урада аб увядзенні з 1 кастрычніка ў Беларусі безнаяўных жыллёвых субсідый для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Праект адпаведнага Указа быў прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку. Разлічваць на падтрымку змогуць сем'і, дзе аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе перасягаць устаноўлены працэнт ад сукупнага даходу. Для гараджан гэта расходы больш за 20 працэнтаў у сукупным даходзе, а для сельскай мясцовасці - 15 працэнтаў, растлумачыў Андрэй Кабякоў.
У цэлым Прэзідэнт патрабуе, каб Урад, плануючы нейкія рашэнні, якія могуць паўплываць на жыццёвы ўзровень насельніцтва, адрасным чынам у адносінах да канкрэтных катэгорый грамадзян прадугледжваў нівеліруючыя меры, дзейнічаючы ў рамках канцэпцыі сацыяльнай дзяржавы.