Сустрэча з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі АБСЕ
- 29
АБСЕ можа разлічваць на Беларусь як донара бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 ліпеня на сустрэчы з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
"Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Вы на нас можаце заўсёды разлічваць, асабліва што датычыцца донарства бяспекі ў нашым Еўрапейскім рэгіёне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што існуюць канфлікты ў такіх рэгіёнах, як Украіна, Нагорны Карабах, Прыднястроўе. "Гэта вельмі важныя рэгіёны, дзе нам трэба па-еўрапейску, цывілізавана наводзіць парадак", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы з вамі ўжо абмяркоўвалі многія праблемы агульнаеўрапейскай бяспекі, іншыя пытанні, якія ўваходзяць у парадак дня АБСЕ. Актуальнасць гэтых пытанняў не знікла. Яна не проста захоўваецца, а ўзмацняецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што нарастаюць і атрымліваюць усё большую небяспеку працэсы нелегальнай міграцыі, транзіту наркотыкаў, гандлю людзьмі, нелегальнага перамяшчэння радыеактыўных элементаў і многія іншыя. "Можа, сёння яны не так на слыху, як нелегальная міграцыя. Але калі мы не будзем бачыць гэтыя праблемы, гэта будзе страшны выбух у бліжэйшы час", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
![]()
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды была актыўным удзельнікам работы ПА АБСЕ, а пасля правядзення сесіі ў Мінску мае намер яшчэ больш актывізаваць свой удзел як у парламенцкім вымярэнні арганізацыі, так і АБСЕ ў цэлым.
У сваю чаргу старшыня ПА АБСЕ Крысцін Мутанен заявіла аб сваёй згодзе з пазіцыяй Кіраўніка беларускай дзяржавы ў частцы ролі арганізацыі ў пытанні забеспячэння міру і бяспекі. "Мы як парламентарыі займаем актыўную пазіцыю, адкрыта абмяркоўваем праблемныя пытанні", - сказала яна.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць рэфармавання АБСЕ і ўзмацнення яе ролі ў вырашэнні канфліктаў. "АБСЕ ўнікальна, і я ўпэўнены, што яна павінна рэагаваць на вострыя моманты ў нашым рэгіёне, і рэагаваць на самым высокім узроўні, на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Але паглядзіце, колькі негатыўнага адбылося за апошні час у Еўропе. І якая рэакцыя наша, кіраўнікоў дзяржаў? Ніякай. Вайна ідзе ў Еўропе - ніякай рэакцыі. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас у арганізацыі ёсць праблемы", - заявіў Прэзідэнт.
"Праблемы трэба вырашаць у пачатку, як і хваробу трэба лячыць у самым пачатку. Калі мы запускаем гэты працэс, вы ведаеце, да чаго гэта прыводзіць. На такія канфлікты трэба рэагаваць, і рэагаваць сур'ёзна. Сёння ўсё больш і больш паўстае пытанне аб рэфармаванні АБСЕ, каб зрабіць яе больш дзейснай, рашучай", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што парламентарыі АБСЕ рэгулярна праводзяць сесіі і абмяркоўваюць праблемы ў рамках сваіх паўнамоцтваў. "Хацелася б, каб дэпутаты падштурхнулі і нас да абмеркавання гэтых актуальных праблем", - сказаў ён.
"Наспела крайняя неабходнасць сустрэч кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ для абмеркавання вельмі важных і сур'ёзных праблем. Калі гэта тэма знойдзе сваё развіццё і прадаўжэнне ў час работы ў Мінску Парламенцкай асамблеі АБСЕ, буду вельмі ўдзячны. Думаю, гэта будзе на карысць нашаму рэгіёну", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
![]()