Сустрэча з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамашам Аянам
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка сустрэўся з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамашам Аянам.
Беларусь мае добрыя традыцыі ў цяжкай атлетыцы, набыты паспяховы вопыт выступленняў атлетаў. Сярод іх ёсць і алімпійскія, і сусветныя, і кантынентальныя чэмпіёны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў краіне ўзялі курс на папулярызацыю заняткаў спортам, у тым ліку цяжкай атлетыкі. Гэта дало свой плён. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, "падрастае нядрэнная моладзь, у нас дастаткова спартыўных аб'ектаў, каб займацца ўсімі алімпійскімі відамі спорту".
У час сустрэчы абмяркоўваліся таксама магчымасці арганізацыі ў Беларусі буйных міжнародных спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. Краіна прымала ўжо спаборніцтвы высокага ўзроўню і атрымала станоўчую ацэнку МФЦА. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: калі ў федэрацыі ёсць жаданне прадаўжаць супрацоўніцтва, то Беларусь арганізуе спаборніцтвы належным чынам. "У нас ужо сёння ёсць усё неабходнае: дастатковая сетка гасцініц, пляцовак сусветнага ўзроўню для правядзення спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Тамаш Аян прапанаваў Беларусі прыняць удзел у конкурсе на правядзенне чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы сярод дарослых, які плануецца правесці ў 2019 годзе. Гэтыя спаборніцтвы стануць кваліфікацыйным алімпійскім турнірам перад летняй Алімпіядай у Токіа 2020 года. Чакаецца, што прэтэндаваць на права правядзення ЧС будуць 4-5 краін.
Беларускі бок з удзячнасцю прыняў прапанову МФЦА.
Кіраўнік МФЦА ацаніў як добрыя шанцы Беларусі атрымаць права на правядзенне юніёрскага, маладзёжнага ЧС па цяжкай атлетыцы, якія павінны прайсці ў бліжэйшыя гады.
Акрамя таго, на сустрэчы згадвалася магчымасць правядзення ў 2017 годзе ў Беларусі вялікай антыдопінгавай канферэнцыі. Абмяркоўваючы гэту прапанову, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь робіць і будзе рабіць яшчэ больш для падтрымання ўсіх міжнародных ініцыятыў у барацьбе з допінгам.
![]()