Сустрэча з кіраўніком Чувашскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі Міхаілам Ігнацьевым

  • 4
Беларусь разглядае Чувашыю як стабільнага гандлёва-эканамічнага партнёра. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 красавіка на сустрэчы з кіраўніком Чувашскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі Міхаілам Ігнацьевым.

"Асноўныя напрамкі нашага ўзаемадзеяння - гэта вытворчая кааперацыя, агракомплекс, будаўнічая сфера, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Беларускія і чувашскія прадпрыемствы ўжо даўно завязаны ў адзіны вытворчы ланцуг. Аднак нам неабходна развіваць новыя напрамкі, ісці далей, ні ў якім выпадку не спыняцца на тым узроўні, які сёння ў нас існуе".

Беларусь прапануе Чувашыі развіваць супрацоўніцтва ў сферы пасажырскага транспарту. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Чувашыі добра ведаюць беларускую тэхніку: сельскагаспадарчую, будаўнічую, дарожна-будаўнічую, аўтамабільную. "Перспектыўным будзе наша супрацоўніцтва ў сферы пасажырскага транспарту", - выказаў упэўненасць Прэзідэнт. Тым больш што сёння чувашскія партнёры могуць набываць беларускую тэхніку па новых выгадных для спажыўца схемах, сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін з напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва - сельская гаспадарка. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што размова тут ідзе не толькі аб простым набыцці тэхнікі і гэтак далей, але і аб навуцы, племянной справе, насенняводстве, селекцыі сельскагаспадарчых культур - аб тым, што забяспечвае агракомплексу ўстойлівае перспектыўнае развіццё. "У нас набыты пэўны вопыт у жывёлагадоўлі. Мы з задавальненнем дзелімся ім з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія і чувашскія народы падобны працавітасцю, працаздольнасцю. На думку Прэзідэнта, гэта тая аснова, на якой бакі могуць рэалізаваць любы праект, тут няма ніякіх праблем. Будучы ў Беларусі, дэлегацыя Чувашыі зможа наведаць любое прадпрыемства, каб пераняць карысны для сябе вопыт. "Мы гатовы максімальна аператыўна рэалізаваць напрамкі, якія вас зацікавяць, аператыўна разгледзець вашы прапановы, пытанні і ў гэтым напрамку дзейнічаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Міхаіл Ігнацьеў адзначыў, што Чувашыя бачыць у Беларусі надзейнага і выгаднага партнёра. Паміж беларускімі і чувашскімі прадпрыемствамі даўно наладжаны трывалыя эканамічныя сувязі. За апошнія тры гады тавараабарот павялічыўся ў 2,5 раза. Чувашскі бок зацікаўлены ў развіцці адносін у АПК, прамысловасці, у навукова-тэхнічнай сферы.