Сустрэча з кіраўніком адміністрацыі Тамбоўскай вобласці Расіі Алегам Беціным

  • 1

Беларусь і Тамбоўская вобласць дамовіліся ўзмацніць усебаковае ўзаемадзеянне. Такая дамоўленасць дасягнута 4 жніўня на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком адміністрацыі Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Беціным.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Тамбоўская вобласць з'яўляецца надзейным партнёрам Беларусі. За мінулыя пяць гадоў узаемны тавараабарот вырас больш як у два разы. У прыватнасці, у гэтым расійскім рэгіёне ўжо арганізаваны дылерскія і сэрвісныя цэнтры "Гомсельмаша", "Амкадора", МТЗ і іншых буйнейшых беларускіх вытворцаў, паспяхова функцыянуюць фірменныя гандлёвыя дамы шэрага вядомых гандлёвых марак.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатова пашырыць супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам, напрыклад, удзельнічаць у мадэрнізацыі аграпрамысловага комплексу Тамбоўскай вобласці. "Адна з ключавых тэм нашай сённяшняй сустрэчы - супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе. Агульны інтарэс выклікаюць абмен перадавымі тэхналогіямі, развіццё ўзаемадзеяння паміж вучонымі і аграрыямі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць фундаментальная даследчая база, і прапанаваў вучоным сумесна папрацаваць у галіне селекцыі, генетыкі, аховы раслін, стварэння высокапрадукцыйных сартоў сельгаскультур, парод жывёл, а таксама рэсурсазберагальных тэхналогій. "Мы гатовы прыняць удзел у мадэрнізацыі вашых жывёлагадоўчых комплексаў і, калі трэба, будаўніцтве аграгарадкоў, гатовы забяспечыць самай перадавой сельскагаспадарчай тэхнікай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь таксама гатова супрацоўнічаць з Тамбоўскай вобласцю ў пытанні паставак аўтобусаў і тралейбусаў, прадастаўленні будаўнічых паслуг, забеспячэнні патрэбнасцей рэгіёна ў грузавой, кар'ернай, дарожна-будаўнічай, спецыяльнай і камунальнай тэхніцы, ліфтавым абсталяванні.

"У апошнія гады наша рэспубліка вядзе актыўную работу па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці, па стварэнні інавацыйных прадуктаў, арыентаваных на экспарт. І ў гэтым напрамку мы таксама гатовы ўмацоўваць супрацоўніцтва з вамі. Нам ёсць што прапанаваць у сферы адукацыі, медыцыны, культуры, спорту, турызму", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Напярэдадні першага пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Тамбоўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць і па магчымасці вырашыць праблемныя пытанні, якія перашкаджаюць больш актыўнаму развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння. "Вы павінны быць упэўнены, што калі нашы дамоўленасці адбудуцца, мы будзем надзейным партнёрам, як і для іншых рэгіёнаў Расіі. Мы абавязкова будзем выконваць нашы дамоўленасці", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь вельмі цэніць супрацоўніцтва з Тамбоўскай вобласцю. "І нам вельмі важна з тэрыторыі вашай вобласці працаваць з іншымі расійскімі рэгіёнамі, што, напэўна, так і адбываецца, асабліва пры наяўнасці ўжо існуючых дылерскіх цэнтраў", - падкрэсліў Прэзідэнт.