Сустрэча з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбыліся ў спакойнай абстаноўцы. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня ў час сустрэчы з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам.
На сустрэчы дэталёва абмяркоўваліся пытанні выбарчай кампаніі, якая была праведзена арганізавана. "Прынамсі, мне ніхто за гэтыя суткі не далажыў, што ў нас з пункту гледжання бяспекі нейкія былі праблемы, нейкія пытанні ўзнікалі на ўчастках, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Выбары завяршыліся, і я хацеў бы ведаць асноўныя іх вынікі, як яны прайшлі з пункту гледжання арганізатараў. Таму што вам і Адміністрацыі Прэзідэнта першапачаткова было даручана арганізаваць іх такім чынам, каб было ціха, спакойна, бяспечна, і каб людзі маглі свабодна выказаць сваё меркаванне, сваю волю".
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Што важна, упершыню яны адбыліся на небезальтэрнатыўнай аснове ва ўсіх 110 акругах, пры гэтым яўка выбаршчыкаў склала 74,8 працэнта. Як лічыць Кіраўнік Адміністрацыі, колькасць абумоўлена якасцю: "Першы складнік - гэта высокая свядомасць нашага народа, які неабыякавы да будаўніцтва маладой дзяржавы. Другі - высокі конкурс удзелу ў гэтых выбарах - 484 кандыдаты ў 110 акругах. І трэці - праведзена вялікая работа ўсімі без выключэння галінамі ўлады, каб забяспечыць высокую дысцыпліну, арганізацыю правядзення выбараў".
Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць прэтэнзіі да мясцовых органаў улады, на што Кіраўнік Адміністрацыі адказаў, што няма. Аляксандр Косінец асабліва акцэнтаваў увагу на высокай яўцы выбаршчыкаў, што сведчыць: народ зацікаўлены і разумее неабходнасць выбрання тых, хто будзе адстойваць іх інтарэсы, займацца заканатворчай дзейнасцю.
Аляксандру Лукашэнку даложана, што былі выкананы практычна ўсе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па правядзенні выбараў. Напрыклад, было ўстаноўлена 75 працэнтаў празрыстых урнаў, а таксама забяспечаны доступ да падліку галасоў - літаральна каля сталоў стаялі наглядальнікі, якім было дазволена бачыць, як ідзе падлік галасоў на кожным выбарчым участку. У прыватнасці, на выбарчых участках прысутнічала больш за 800 наглядальнікаў з замежных дзяржаў. "Размовы аб якойсьці падтасоўцы, падкідванні бюлетэняў або іх замене не было і не можа быць, паколькі вялікая "армія" праводзіла назіранні - і ад БДІПЧ АБСЕ і ПАСЕ, і місія СНД", - запэўніў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Упершыню ў парламенце будуць прадстаўлены розныя партыі, рухі і аб'яднанні, якія дадуць магчымасць мець альтэрнатыўны пункт гледжання на розныя законапраекты.