Сустрэча з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД
- 8
Правядзенне ў Мінску пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў Беларусь разглядае як прызнанне актыўнай інтэграцыйнай палітыкі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 кастрычніка ў час сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.
"Разглядаем правядзенне гэтых мерапрыемстваў у нас як праяўленне павагі да Беларусі, прызнанне яе актыўнай інтэграцыйнай палітыкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сучасным свеце абвастраецца палітычная і эканамічная турбулентнасць. "Узмацнілася абгрунтаваная крытыка ў нашых краінах у сувязі з незадаволенасцю як тэмпамі, так і практычнымі вынікамі развіцця інтэграцыі. Чутны трывожныя сігналы ад бізнесу, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Буду шчыры: крытычная маса пытанняў, што назбіраліся, выклікае і ў Беларусі трывожныя настроі наконт перспектыў не толькі СНД, але і ЕАЭС. Патрабуецца павышэнне эфектыўнасці патэнцыялу інтэграцыі, яе канкурэнтных пераваг".
Прэзідэнт адзначыў, што краіны вызначылі дакладныя тэрміны рэалізацыі дасягнутых у рамках ЕАЭС дамоўленасцей. "Калі не будзем выконваць дамоўленасці, якія мы выпакутавалі (гэта было не так проста), перспектыў не будзе ні ў якога саюза. Пакуль сітуацыя не самая радасная. На многіх напрамках адзначана істотнае адставанне. Часта мы вельмі доўга топчамся на адным месцы. Тыповы прыклад - устараненне выключэнняў, бар'ераў і абмежаванняў у гандлі, якіх налічваецца некалькі соцень", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіны ЕАЭС павінны весці ўзгодненую прамысловую палітыку. "Адзіны шлях для ператварэння ЕАЭС у цэнтр эканамічнай сілы - гэта развіццё магутнай і сучаснай вытворчай базы на аснове кааперацыі. Тэарэтычна з гэтай ідэяй згодны ўсе. Але практычнай рэалізацыі, на жаль, няма, - канстатаваў беларускі лідар. - Неабходна ўрэгуляваць пытанні функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін. Нам патрэбны выразны механізм узаемадзеяння ў такіх сітуацыях, у першую чаргу для таго, каб на роўным месцы не ўзнікалі непаразуменні паміж удзельнікамі саюза".
Беларусь не задавольваюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў і лібералізацыі выканання перавозчыкамі адной дзяржавы перавозак паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы.
Прэзідэнт выступіў супраць фармалізму ў рабоце па ўдасканаленні палажэнняў дагавора аб ЕАЭС. "Самае важнае - падысці да яе не фармальна, а выкарыстаць гэту магчымасць для вырашэння самых складаных пытанняў інтэграцыі. Няўзгодненасць дзеянняў прывяла ўжо да разбалансіроўкі ўнутраных інтэграцыйных працэсаў, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму я заклікаў бы кіраўнікоў урадаў краін ЕАЭС нацэліць сваіх экспертаў на сур'ёзную работу. Мы ўбачылі, што трэба сёння актуалізаваць гэты дагавор. Што не атрымалася - адкінуць. Трэба яго ўдасканаліць, правесці рэвізію па ўсіх напрамках".
Але, беручы на сябе новыя задачы, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, трэба падумаць і над прадаўжэннем вырашэння доўгайграючых праблем, па якіх дасягнуць выніку не ўдалося. Толькі пераемнасць, паслядоўнасць і сістэмнасць у рабоце могуць стварыць неабходныя перадумовы для паскоранага руху да тых мэт, якія пастаўлены. "Падыход Беларусі празрысты - калі сказалі, што будзем будаваць Еўразійскі эканамічны саюз, то трэба быць паслядоўнымі і рашуча ісці наперад, як дамовіліся. Інакш інтэграцыйныя ідэі не будуць успрымацца сур'ёзна ні нашымі народамі, ні за межамі саюза", - заявіў Прэзідэнт.
Асобна на сустрэчы абмяркоўвалася функцыянаванне Садружнасці Незалежных Дзярдаў. "У верасні ў Бішкеку мы прадметна разгледзелі пытанні адаптацыі СНД да сучасных умоў. Беларусь заўсёды выступала за захаванне Садружнасці як паўнацэннай міжнароднай арганізацыі, нацэленай на развіццё рэгіянальнай інтэграцыі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэты падыход быў падтрыманы ўсімі кіраўнікамі дзяржаў Садружнасці і знайшоў сваё адлюстраванне ў прынятым рашэнні аб адаптацыі СНД".
"Напэўна, трэба крытычна паглядзець і на прававую базу СНД. За 25 гадоў мы падпісалі неймаверны аб'ём рашэнняў, дагавораў і пагадненняў. Ці ўсе яны сёння актуальныя і патрэбныя? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Гэта таксама трэба даследаваць, каб на выхадзе мы ўбачылі сапраўды сучасную, аўтарытэтную і актыўную арганізацыю, удзел у якой будзе адпавядаць інтарэсам нашых краін".
![]()
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на дзейнасць органаў галіновага супрацоўніцтва ў СНД, якой неабходна надаць сістэмнасць і праграмна-мэтавы характар. "Асобныя з іх функцыянуюць дзесяцігоддзямі, але не ўносяць укладу ў развіццё Садружнасці. Але ж менавіта на гэтым узроўні ажыццяўляецца экспертная дзейнасць па практычным напаўненні палітычных рашэнняў, вынікі такой работы фарміруюць уяўленне аб карысці СНД для канкрэтных грамадзян, арганізацый, прадпрыемстваў, дзяржаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
На сустрэчы было адзначана, што супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці павінна быць нацэлена на вырашэнне амбіцыйных задач. "Нашы вучоныя ў якасці аднаго з фактараў развіцця навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу краін бачаць супрацоўніцтва ў даследаванні і выкарыстанні космасу ў мірных мэтах, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Базісам такога ўзаемадзеяння мог бы стаць буйны сумесны касмічны праект, што рэалізуецца на аснове аб'яднання рэсурсаў краін СНД у мэтах атрымання важкіх навуковых, практычных і эканамічных вынікаў".
Важным напрамкам дзейнасці Садружнасці з'яўляецца забеспячэнне ўнутраных рынкаў стратэгічнымі сыравіннымі рэсурсамі, у тым ліку энергетычнымі. "Неабходны актуалізацыя і ўзаемная ўвязка нацыянальных энергетычных праграм нашых дзяржаў, энергетычная кааперацыя, укараненне новых тэхналогій, павелічэнне долі альтэрнатыўнай энергетыкі, - лічыць Прэзідэнт. - Захоўвае сваю значнасць прадаўжэнне супрацоўніцтва ў сферы харчовай бяспекі. Тут да месца рэалізацыя сумесных мер як па павышэнні канкурэнтаздольнасці нашых аграпрамысловых комплексаў на знешніх рынках, так і па вырашэнні пытанняў унутранага абарачэння прадуктаў харчавання".
Гэта таксама датычыцца гарманізацыі патрабаванняў у галіне бяспекі і якасці сельскагаспадарчых тавараў, уключаючы выкарыстанне недыскрымінацыйных форм маніторынгу і кантролю, развіццё сістэмы абмену інфармацыяй аб выніках лабараторнага кантролю, сумеснае выяўленне выпадкаў парушэння ветэрынарнай стабільнасці тэрыторыі.
Аляксандр Лукашэнка таксама правёў двухбаковыя перагаворы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.
На сустрэчы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні двухбаковых адносін і ўзаемадзеяння ў інтэграцыйных аб'яднаннях.
На перагаворах з першым намеснікам прэм'ер-міністра Азербайджана Ягубам Эюбавым Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Мінск выконвае свае абавязацельствы мірнай пляцоўкі перагавораў. Аб гэтым сведчыць і той факт, што беларуская сталіца ў гэтыя дні стала месцам правядзення важных міжнародных мерапрыемстваў - пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў ЕАЭС і СНД, міжнароднай канферэнцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН і сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.