Сустрэча з кіраўнікамі мытных службаў дзяржаў - удзельніц СНД
- 1
Далейшае развіццё эканомік дзяржаў СНД і павышэнне дабрабыту народаў у многім залежаць ад глыбіні інтэграцыі ў сферы мытнай справы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 верасня на сустрэчы з удзельнікамі 64-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як чвэрць стагоддзя таму Беларусь стаяла ля вытокаў фарміравання СНД - адной з першых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. У ліку яе важных задач было стварэнне спрыяльных умоў для развіцця гандлёва-эканамічных сувязей і перамяшчэння грамадзян паміж краінамі Садружнасці. "За гэты час сфарміравана значная нарматыўная база мытнай справы, у чым асноўная роля належыць Савету кіраўнікоў мытных службаў, а таксама адпаведным нацыянальным органам, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Дастаткова назваць пагадненні аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў мытных справах, мадэльны мытны кодэкс і шэраг іншых дакументаў. Яны будуюцца на базавых прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якія ўключаюць у тым ліку і свабоду транзіту на тэрыторыі дзяржаў".
У рамках Савета кіраўнікоў мытных службаў сфарміраваны Камітэт кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў. Прэзідэнт назваў гэту ініцыятыву цалкам своечасовай, паколькі менавіта мытная служба павінна ў першую чаргу абараняць тэрыторыю краіны ад кантрабандных тавараў, увозу наркотыкаў, а гэта зло адчуваецца ўсё ў большай ступені.
"Мытныя службы павінны аператыўна і якасна апрацоўваць таварныя патокі, садзейнічаць павелічэнню колькасці краін-партнёраў, нарошчванню аб'ёмаў гандлю, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Тэрытарыяльнае становішча Беларусі такое, што ў рамках Садружнасці значная частка нашай граніцы праходзіць з краінамі Еўрапейскага саюза. Сумесна з імі мы рэалізуем шэраг праграм па развіцці інфраструктуры на граніцы, забеспячэнні бяспекі, бесперашкодным перамяшчэнні тавараў. Скажу шчыра: хацелася б большага ўдзелу ЕС у мытных справах. Таму што як Расіі, так і Еўрасаюзу вельмі важна Беларусь, дзе тавары праходзілі б, перш за ўсё, транзітам, і па часе гэта было б мінімальна".
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў вялікую зацікаўленасць у перамяшчэнні праз Беларусь тавараў у напрамку Еўропы з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. "У гэтым плане мы поўнасцю падтрымалі ініцыятыву Старшыні КНР аб стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Фарміруем у сябе буйныя лагістычныя цэнтры, у стварэнні якіх зацікаўлены не толькі КНР, Беларусь, нашы блізкія суседзі, але і аддаленыя краіны, што знаходзяцца на гэтым транспартным шляху".
![]()