Сустрэча з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымаюць удзел у XVI сесіі Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў - удзельніц СНД
- 1
Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна стаць палітычным і эканамічным цэнтрам сілы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымаюць удзел у XVI сесіі Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў - удзельніц СНД.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што неабходна больш поўна выкарыстоўваць магчымасці такога важнага інтэграцыйнага аб'яднання, як Садружнасць. Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што апошнім часам адзначаюцца негатыўныя тэндэнцыі, непаразуменні паміж членамі СНД, жаданне некаторых з іх дыстанцыравацца ад якіх-небудзь абавязацельстваў і быць проста наглядальнікамі, а то і зусім выйсці са складу. Нягледзячы на тое, што СНД у яе цяперашнім выглядзе крытыкуецца, беларускі бок лічыць, што патэнцыял супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна надаць новы імпульс дзейнасці гэтай арганізацыі і ўзняць яе аўтарытэт на міжнароднай арэне.
Прэзідэнт упэўнены, што органы фінансавага кантролю могуць адыграць адну з вядучых роляў у працэсе далейшага станаўлення СНД. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "ўпарадкаванне руху грошай і каштоўных папер, выкарыстання іншых актываў на вялікай частцы еўразійскага кантынента - гэта гарант стабільнасці і эканамічнай бяспекі нашых краін". На думку Аляксандра Лукашэнкі, толькі пры ўмове жорсткага дзяржаўнага кантролю за фінансавымі патокамі, строгага выканання законнасці ў гэтым сектары можна паспяхова развівацца. "Неабходна паставіць неадольную заслону безгаспадарчасці, нямэтаваму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, уцечцы капіталу за мяжу, незаконным валютным аперацыям, карупцыі і іншым негатыўным з'явам", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сучасных умовах найважнейшай задачай стратэгічнага значэння з'яўляецца ўзмоцненая каардынацыя дзеянняў кантралюючых органаў краін СНД, а таксама выпрацоўка імі сумесных падыходаў да прадухілення фінансавых парушэнняў, абмен вопытам у асваенні новых метадаў работы. Гэта асабліва важна цяпер, калі ў свеце адзін за адным адбываюцца крызісы, што вельмі неспрыяльна ўплывае на стан спраў у краінах Садружнасці. Размова ідзе аб бяспецы кожнай з дзяржаў Садружнасці асобна і палітыка-эканамічнай жыццяздольнасці СНД у цэлым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Удзельнікі сустрэчы згадзіліся з важнасцю ролі эканамічнай бяспекі, што ў сучасных умовах сапраўды набывае ўсё большае значэнне. Тэмы, якія абмяркоўваліся, датычыліся глабальных пытанняў развіцця СНД, выяўлення вострых праблем дзейнасці арганізацыі і выпрацоўкі стратэгіі сумесных дзеянняў, у тым ліку ў пытаннях фінансавага кантролю, на бліжэйшую перспектыву.
Кіраўнікі вышэйшых органаў фінансавага кантролю краін Садружнасці пазітыўна ацанілі поспехі Беларусі ў пытаннях дзяржаўнага кантролю, а таксама ў цэлым развіцця краіны.
![]()