Сустрэча з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым
- 1
Беларусь і Растоўская вобласць Расіі маюць усе магчымасці, каб у бліжэйшыя гады значна павялічыць аб'ёмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і асвоіць новыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Аб гэтым было заяўлена 11 мая на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Васілём Голубевым.
"Калі мы будзем дзейнічаць настойліва, сістэмна, то той паўмільярдны рубеж, які нам вельмі трэба дасягнуць, мы дасягнём, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ёсць пытанні, па якіх мы павінны дамаўляцца. І сённяшняя сустрэча будзе новым зыходным пунктам у нашых адносінах".
Прэзідэнт назваў сімвалічным, што візіт у Беларусь дэлегацыі Растоўскай вобласці практычна супаў з вялікім святам Перамогі. Ён падкрэсліў, што як у Беларусі, так і ў Расіі шануюць гэты дзень. "Гэта свята для Беларусі сапраўды са слязамі на вачах, таму што рэспубліка страціла трэць свайго насельніцтва ў тыя страшныя гады і была фактычна сцёртая з зямлі", - адзначыў беларускі лідар.
На сустрэчы былі падрабязна абмеркаваны перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў самых розных сферах. Улічваючы той факт, што Растоўская вобласць уваходзіць у лік буйнейшых сельскагаспадарчых рэгіёнаў Расіі, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паглыбляць узаемадзеянне ў аграрнай сферы, дзе ў Беларусі назапашаны вялікі практычны вопыт.
Ёсць магчымасць паставак у Растоўскую вобласць шырокага спектра тавараў і прадуктаў. Беларусь гатова прапанаваць аўтобусы МАЗ для падрыхтоўкі Растова-на-Доне да правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года. З улікам прамысловага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Растоўскай вобласці Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прапрацаваць варыянты актывізацыі існуючых вытворча-кааперацыйных сувязей. Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва і ў будаўнічай сферы, у тым ліку ў сферы дарожнага будаўніцтва.
"Нашы магчымасці вы ведаеце. Вы для нас не чужыя людзі", - запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларускім і расійскім прадпрыемствам трэба не канкурыраваць, а дзейнічаць на агульным рынку па-партнёрску. "Калі мы вырабляем камбайны ў Гомелі і "Растсельмаш" вырабляе, трэба разумець, што мы павінны як партнёры дамовіцца. Гэта наш агульны рынак. Душыць адзін аднаго не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - Калі "Растсельмаш" не бачыць магчымасці дамовіцца, што нам застаецца рабіць... Канкурыраваць не толькі на нашых рынках, але і за іх межамі".
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым прывёў прыклад МАЗа і КамАЗа, кожны з якіх цяпер адчувае пэўныя цяжкасці. "Вось да чаго прывяла гэта канкурэнцыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму мы за тое, каб па-партнёрску сябе паводзіць, дагаворвацца. Мы можам дамовіцца, і мы да гэтага гатовы", - падкрэсліў беларускі лідар.
На сустрэчы было адзначана, што цяпер рыхтуецца праграма сумеснай кааперацыі прадпрыемстваў "Гомсельмаш" і "Растсельмаш", якая павінна быць прадстаўлена прыкладна праз месяц. "Так, трэба ў гэтым напрамку рухацца. Чаго ваяваць адзін з адным? Рынак вялізны. І нам трэба сваё не страціць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прадаўжаючы тэматыку ўзаемадзеяння беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, Прэзідэнт пацвердзіў гатоўнасць Беларусі абмяркоўваць аднаўленне супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі ў калійнай сферы. Ён нагадаў, што ў свой час такое супрацоўніцтва развалілася не па віне беларускага боку, але сёння паступаюць прапановы яго аднавіць. "Давайце, я не супраць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Толькі не трэба выстаўляць тыя ўмовы, якія мы не можам прыняць".
"Мы гатовы да ўсяго. І да канкурэнцыі, і да вядзення бізнесу па-чалавечы. Нават не па-партнёрску, а па-братэрску. Мы дагавораздольныя людзі. Але толькі на шчырай, сумленнай і прынцыповай аснове. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў сваю рэзкую рэакцыю на праблемы з пастаўкамі ў Расію беларускіх прадуктаў харчавання. "Справа не ў эмоцыях, а ў тым, што гэта нам вельмі дорага каштавала. Калі ў нас адзіны рынак, то давайце не будзем адзін аднаму падножкі ставіць", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Беларусь у цэлым вельмі актыўна працуе з Расіяй па пастаўках сельгаспрадукцыі і харчовых таварах, устаноўлены прамыя сувязі з сеткамі. "Праблемы бываюць часам. У асноўным яны штучна ствараліся, - канстатаваў беларускі лідар. - Таму што калі мы з Прэзідэнтам Расіі сустрэліся, дык па-мужчынску дамовіліся - давайце ўсё ж такі на гэту праблему паглядзім пад пунктам гледжання Аляксандра Сурыкава (пасол Расіі ў Беларусі). А ён правільна гаворыць: калі мы хочам штосьці тут пераадолець, давайце разам будзем глядзець на ўсё, што рухаецца праз граніцу. І, калі мы пачалі ў гэтым плане кантраляваць сітуацыю, яна імгненна памянялася. Яна проста знікла. Дай бог, каб назаўсёды".
"Пакуль такой бойкі няма. Прыязджалі спецыялісты з Расіі. Ад таго ж Данкверта. Пабывалі на нашых прадпрыемствах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў вельмі высокі ўзровень беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. "Калі было нам вельмі цяжка, калі наогул па талонах раздавалі прадукты харчавання, мы тады па два-тры рублі адкладвалі і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы. Яны нам потам і кроўю дасталіся. І калі нас сёння папракаюць (ведаеце, па якіх прычынах), што ў нас прадукты харчавання не тыя, то гэта ўжо занадта", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь - адзіная з усіх краін постсавецкай прасторы, якая захавала ДАСТы і нават іх узмацніла. "Сёння ў нас з прадпрыемства, фермы, комплексу не выйдзе дрэнная прадукцыя, таму што там яе адразу правераць і адбракуюць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.