Сустрэча з губернатарам Курганскай вобласці Расійскай Федэрацыі Аляксеем Какорыным
- 1
Беларусь і Курганская вобласць Расіі маюць намер развіваць кааперацыю ва ўсіх сферах супрацоўніцтва. Такі вынік сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Курганскай вобласці Аляксеем Какорыным 13 кастрычніка.
Аналізуючы тавараабарот з Курганскай вобласцю, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фоне паказчыкаў узаемнага гандлю з іншымі расійскімі рэгіёнамі ён пакуль невялікі: па выніках 2015 года яго аб'ём ледзь перавысіў $20 млн. "Нам трэба нямала папрацаваць, каб ён выглядаў дастойна. Мы для гэтага маем усе падставы, і ў нас ёсць такія магчымасці, - сказаў Прэзідэнт. - Таму мы разлічваем, што ваш візіт надасць добры дадатковы імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва. Нам трэба выкарыстоўваць існуючы эканамічны патэнцыял для таго, каб тавараабарот быў істотным. Беларусь гатова супрацоўнічаць з вашай вобласцю па ўсіх пытаннях".
У прыватнасці, перспектыўнай сферай партнёрства можа стаць сельская гаспадарка, дзе Беларусь дабілася высокіх вынікаў. "Гатовы з вамі тут працаваць разам. Думаю, мы можам нешта запазычыць адзін у аднаго і ў абнаўленні машынна-трактарнага парку, развіцці сельскіх паселішчаў, аграрнай навуцы. Але самае галоўнае - разам мы можам прыйсці да нейкіх новых адкрыццяў, вынікаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы было адзначана, што ў Курганскай вобласці вялікім попытам карыстаецца прадукцыя Мінскага трактарнага завода. Каб узмацніць пазіцыі МТЗ у расійскім рэгіёне, там адкрыюць сэрвісныя цэнтры па абслугоўванні беларускіх трактароў.
Перспектыўнай сферай супрацоўніцтва, паводле слоў Прэзідэнта, таксама можа быць узаемадзеянне будаўнічых арганізацый. "Калі трэба і ў вас ёсць свабодныя заказы, мы можам аказаць вам падтрымку ў будаўніцтве. Вядома, пажадана (калі гэта гарадское будаўніцтва), каб вы нам выдзелілі квартал і мы пабудавалі яго як беларускі квартал і пад ключ. Калі гэта прамысловыя прадпрыемствы або аграрныя, мы таксама хацелі б іх будаваць пад ключ. Гатовы рэалізаваць любы заказ - або самі, або разам з вашымі будаўнікамі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Беларусь таксама гатова развіваць супрацоўніцтва з Курганскай вобласцю ў сферы прамысловай кааперацыі, ствараючы сумесныя прадпрыемствы. "Калі будуць якія-небудзь прапановы з вашага боку, мы будзем толькі ўдзячныя. Думаю, што мы на іх можам адказаць адразу ж у ходзе вашага візіту. Калі спатрэбіцца канкрэтызацыя і прапрацоўка, абавязкова гэта зробім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адным з напрамкаў супрацоўніцтва ў гэтай сферы можа стаць стварэнне сумеснай вытворчасці ліфтаў, а таксама кааперацыя Мінскага аўтамабільнага завода і Варгашынскага завода проціпажарнага і спецыяльнага абсталявання.
У сваю чаргу Аляксей Какорын падтрымаў прапановы Прэзідэнта і дадаў, што Курганская вобласць зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў розных сферах. Асабліва актуальна, паводле яго слоў, партнёрства ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, ахове здароўя і фармацэўтыцы.
Пасля завяршэння сустрэчы бакі дамовіліся не канкурыраваць паміж сабой, а стварыць кааперацыю ва ўсіх сферах двухбаковага ўзаемадзеяння. Плануецца, што ў бліжэйшай перспектыве Беларусь і Курганская вобласць распрацуюць дарожную карту супрацоўніцтва.
![]()