Сустрэча з губернатарам Кастрамской вобласці Сяргеем Сітнікавым

  • 1
Прамыя партнёрскія сувязі паміж рэгіёнамі становяцца ўсё больш значным фактарам умацавання эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 лютага на сустрэчы з губернатарам Кастрамской вобласці Расіі Сяргеем Сітнікавым.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без цеснага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва краіны ніколі не мелі б такіх блізкіх, саюзніцкіх адносін. "Без эканомікі ні туды і ні сюды, таму што гэта аснова любых адносін, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Мяне папракаюць у тым, што я шукаю інтарэс. Але, калі б не было інтарэсу, напэўна, і вы сюды не прыехалі б. Так, мы былі б сябрамі і братамі, але, каб мець назаўсёды брацкія адносіны, павінна быць аснова - эканоміка. Дзякуй богу, што ў нас яна вельмі залежная адзін ад аднаго".

Прэзідэнт адзначыў, што па многіх напрамках беларуская прамысловая прадукцыя вырабляецца з выкарыстаннем вялікай долі расійскіх сыравіны і камплектуючых. Пры гэтым устойлівая работа адпаведных вытворчасцей у Расіі ў значнай меры залежыць і ад сітуацыі на беларускіх заводах.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Кастрамская вобласць даўно з'яўляецца перспектыўным і надзейным партнёрам Беларусі: "Кастрамская вобласць - гэта сэрца Расіі. Вы перажываеце тыя ж праблемы, што і мы. У нас узаемадапаўняльныя, падобныя эканомікі".

Разам з тым Прэзідэнт выказаў занепакоенасць у сувязі са зніжэннем аб'ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва як у фармаце Саюзнай дзяржавы, так і ў ЕАЭС. "У ранейшыя часы аб'ёмы нашага ўзаемнага гандлю (Беларусі з Кастрамской вобласцю) перавышалі $100 млн. Не з кожнай буйной краінай у нас такі тавараабарот. Але за апошнія два гады аб'ёмы тавараабароту значна скараціліся, што мяне вельмі хвалюе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось стварылі інтэграцыю... Мяне гэта хвалюе. Я аб гэтым гавару, а гэта выклікае нейкае неразуменне або непрыманне ў Маскве і ў Мінску ў некаторых. Але аб гэтым трэба гаварыць, і трэба гэтыя вузкія месцы знаходзіць і неяк склейваць нашы адносіны. Замест таго каб устараняць негатыў, уводзіцца забарона на пастаўкі ялавічыны ў Расію. Як гэта разумець?"

Кіраўнік дзяржавы заклікаў Расію разбірацца, перш чым уводзіць такія абмежаванні. "Вядома, мы не загінем. Сёння свет глабалізаваны. Так, будзе складана страціць расійскі рынак. Не ўвесь мы яго страцім. Нават калі Данкверт захоча, не атрымаецца. Але, тым не менш, я ніяк не магу зразумець, навошта гэта робіцца", - заявіў Прэзідэнт.

На сустрэчы было адзначана, што сапраўды часам выяўляюцца спробы паставак па шэрых схемах. "Але пры чым тут Мінская вобласць? Жулікаў хапае, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Навошта ж вы закрываеце, перш чым разабрацца".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем па пытанні арганізацыі паставак прадуктаў харчавання на кітайскі рынак.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на пытанне паставак на расійскі рынак перапрацаванай сельгаспрадукцыі: "Што мы тут парушаем? Нічога. Мы купляем і перапрацоўваем прадукцыю. Гэтак жа мы можам купіць ва Украіне, у Польшчы мяса. Перапрацаваць яго на прадпрыемствах, атрымаўшы новы прадукт, і пастаўляць на ўсе рынкі".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усяго некалькі працэнтаў свабодных магутнасцей для перапрацоўкі замежнай сыравіны і ў асноўным прадпрыемствы выкарыстоўваюць прадукцыю айчыннага АПК.

"Я пачынаю ўжо думаць: напэўна, палітыка - сапраўды баяцца страціць Беларусь. Усё ж такі тысяча кіламетраў калідор, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Пачынаю ўжо ўгаворваць: ды выкіньце вы з галавы. Публічна кажу".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі толькі стаў Прэзідэнтам, перад краінай стаяў выбар: або глыбока інтэгравацца з Захадам, або захаваць народнагаспадарчы комплекс з Расіяй, створаны яшчэ ў час Савецкага Саюза. "Я выбраў другое. Увесь адказ, куды Лукашэнка павярнуў або паварочвае - на Захад ці на Усход. Да таго ж мы правялі рэферэндум па маёй ініцыятыве: быць з Расіяй або не быць. І больш як дзве трэці адназначна сказалі: так, мы з Расіяй", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час перагавораў бакі абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва па розных напрамках, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, прамысловасці, медыясферы. Асобная ўвага была ўдзелена павелічэнню паставак у Кастрамскую вобласць прадукцыі беларускага аўтапрама. У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні ў расійскім рэгіёне адзінага сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі.