Сустрэча з губернатарам Іркуцкай вобласці Сяргеем Леўчанкам
- 1
Беларусь і Іркуцкая вобласць Расіі павінны знайсці рэзервы для нарошчвання ўзаемнага гандлю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 снежня на сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Сяргеем Леўчанкам.
"У 2015 годзе нам удалося дасягнуць максімальных за апошнюю пяцігодку паказчыкаў тавараабароту, якія склалі $115 млн. Аднак у гэтым годзе адбылося значнае зніжэнне, гэтак жа як і паміж Расіяй і Беларуссю. Каб выправіць сітуацыю, нам, вядома, неабходна шукаць рэзервы для нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю. Эканоміка - гэта аснова любых адносін, таму, хочаш ці не хочаш, давядзецца знайсці гэтыя рэзервы. А яны ёсць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Для паспяховай рэалізацыі пастаўленых перад Іркуцкай вобласцю задач прапануецца больш актыўна выкарыстоўваць беларускія тавары і тэхналогіі.
"Ёсць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва па пастаўках вам кар'ернай, грузавой і іншай спецыяльнай тэхнікі, а таксама пагрузчыкаў для радовішчаў вугалю і іншых радовішчаў, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Акрамя таго, мы гатовы пастаўляць вам сельскагаспадарчую, пасажырскую, дарожна-будаўнічую тэхніку. Развіваць вытворчую кааперацыю, у тым ліку з прадпрыемствамі абаронна-прамысловага комплексу. Мы гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі вобласці і ісці тым шляхам, які пракладзены намі ўжо ў іншых рэгіёнах Расіі".
На сустрэчы адзначалася, што ў Іркуцкай вобласці ў гэтым годзе паспелі ўжо даволі сур'ёзна пераарыентавацца на беларускую тэхніку. Пры гэтым было падкрэслена, што яна канкурэнтаздольная па ўсіх параметрах: якасці, прадукцыйнасці, кошце і абслугоўванні.
Беларусь і Іркуцкая вобласць маюць намер таксама шукаць узаемавыгадныя сумесныя праекты ў сельскай гаспадарцы. "Нашы аграрыі выводзяць высокапрадукцыйныя сарты бульбы і збожжавых. Ведаю, вы маеце патрэбу ў гэтым", - адзначыў Прэзідэнт.
Нягледзячы на значную аддаленасць Іркуцкай вобласці, ёсць перспектывы супрацоўніцтва і ў будаўнічай галіне. "У вас вельмі амбіцыйныя задачы: вы плануеце будаваць жылля да 1,5 млн кв.м у год. Вопыт у Беларусі ёсць. У свой час мы былі паказальным будаўнічым комплексам. Мы гэта не разгубілі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Перавага наша ў тым, што мы гатовы будаваць аб'екты пад ключ: ад праектавання да ўстаноўкі ўваходных дзвярэй".
Канкрэтным напрамкам супрацоўніцтва ў гэтай сферы можа стаць стварэнне сумеснай зборачнай вытворчасці ліфтаў, а таксама рэалізацыя пілотнага праекта па будаўніцтве ў Іркуцкай вобласці аграгарадка па беларускай мадэлі.
Яшчэ адной перспектыўнай сферай развіцця ўзаемадзеяння можа стаць нарыхтоўка лесу. Тут бакі разглядаюць розныя варыянты супрацоўніцтва, аж да стварэння мэблевых вытворчасцей.
Прэзідэнт сказаў, што ў краіне робяць высокую стаўку на ўзаемадзеянне з расійскімі рэгіёнамі, таму Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю ў самых разнастайных сферах. "Давайце рухацца ў напрамку, які быў зададзены хаця б у 2015 годзе, каб тавараабарот узрастаў не толькі паміж нашай рэспублікай і Іркуцкай вобласцю, але і паміж Беларуссю і Расіяй. Мы самі сябе крытыкуем, а цяпер і за мяжой пачалі гаварыць, што гэта за Еўразійскі эканамічны саюз, калі падае тавараабарот. Мы і самі разумеем, што гэта ненармальна, але цяпер нас крытыкаваць пачынаюць іншыя і ставяць пад сумненне нашы інтэграцыйныя аб'яднанні", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне падкрэсліў, што Беларусь гатова нарошчваць тавараабарот з Расіяй і Іркуцкай вобласцю ў прыватнасці. "Скажыце - мы будзем рабіць усё, што трэба для вашай вобласці, - дадаў Прэзідэнт. - Калі вам спадабаюцца нейкія напрамкі нашага развіцця, мы гатовы не проста прыехаць і нешта зрабіць, а працаваць сумесна з вамі".
![]()