Сустрэча з губернатарам Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Багамазам

  • 1

Беларусі і Бранскай вобласці Расіі пад сілу актывізаваць узаемадзеянне па ключавых напрамках. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 жніўня на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам.

"Бранскі рэгіён - самы надзейны і вельмі важны партнёр Беларусі. Нам цалкам пад сілу актывізаваць узаемадзеянне па ключавых напрамках. Як мяне інфармавалі, за пяць месяцаў гэтага года тавараабарот прырос на 6 працэнтаў, але гэта мізэрныя паказчыкі. Я думаю, нам пад сілу выйсці на ўзровень тавараабароту, які быў у нас у 2013 годзе - больш за $900 млн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю для Беларусі важна і таму, што ў расійскім рэгіёне размешчаны вытворчасці "Гомсельмаша" і "Амкадора". "Я вельмі хацеў бы, каб гэтыя вытворчасці працавалі як прыклад нашага беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў цэлым. Паглядзіце за гэтымі прадпрыемствамі. Калі магчыма нейкая падтрымка ў плане іх паспяховага функцыянавання, дапамажыце. Калі нешта мы там павінны зрабіць, вы нам скажыце, мы абавязкова аператыўна падключымся, каб больш шырока была прадстаўлена прадукцыя гэтых прадпрыемстваў не толькі на Браншчыне, але і ў Расіі ў цэлым. У гэтым інтарэс і Бранскай вобласці, паколькі яны функцыянуюць на вашай тэрыторыі і з'яўляюцца падаткаплацельшчыкамі Бранскай вобласці", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Яшчэ адным важным напрамкам партнёрства з расійскім рэгіёнам, паводле слоў Прэзідэнта, можа стаць узаемадзеянне ў сельскагаспадарчай сферы. "Мы гатовы з вамі дзяліцца ўсім, што ў нас ёсць, таму што мы суседзі і мы вельмі зацікаўлены, каб Пскоўская, Смаленская і Бранская землі развіваліся інтэнсіўна - гэта і паказчык нашай уключанасці ў развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці Расійскай Федэрацыі, і паказчык таго, што мы можам зрабіць для расіян", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі і Бранскай вобласці ад простага таварнага абмену неабходна пераходзіць да больш глыбокага супрацоўніцтва. "Я хацеў бы, каб ваш візіт прайшоў менавіта пад вуглом абмеркавання перспектыў нашага супрацоўніцтва - супрацоўніцтва на больш высокім узроўні, а не проста нейкі таварны абмен. Без яго, вядома, мы не абыдземся, але мы павінны і вырабляць тавар вельмі высокага ўзроўню для таго, каб разам маглі прадаваць не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў краінах хаця б Усходняй Еўропы", - лічыць Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым было адзначана, што Беларусь і Бранская вобласць створаць сумесны будаўнічы комплекс. Бакі таксама плануюць развіваць супрацоўніцтва і ў сферы біятэхналогій.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што Беларусь гатова комплексна падыходзіць да развіцця супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю, каб гэта было выгадна для двух бакоў.