Сустрэча з губернатарам Арлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Вадзімам Патомскім

  • 1

Арлоўская вобласць з'яўляецца адным з самых надзейных і перспектыўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Аб гэтым заявіў 24 сакавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Вадзімам Патомскім.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што тавараабарот у апошнія гады ў грашовым выражэнні, як і ўсюды, падае. На думку Прэзідэнта, візіт губернатара з'яўляецца сведчаннем, што бакі "поўныя рашучасці навярстаць упушчанае".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на падабенства эканамічнага ладу Беларусі і Арлоўскай вобласці. "Як Беларусь, так і Арлоўшчына зарабляюць свае грошы розумам і працай людзей", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі і Арлоўскай вобласці ёсць добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, прамысловасць, у тым ліку горназдабыўная, машынабудаванне, будаўніцтва.

Гаворачы аб сферы АПК, Кіраўнік дзяржавы адзначыў узаемны інтарэс бакоў да ўзаемадзеяння ў гэтай галіне. Так, Беларусь гатова пастаўляць увесь набор сельгастэхнікі. У сваю чаргу для беларускіх аграрыяў цікавы вопыт Арлоўскай вобласці па развіцці свінагадоўлі.

Беларускі бок гатовы да рэалізацыі інфраструктурных праектаў.

"Словам, мы гатовы дзяліцца вопытам з вамі. І ў вас шмат добрых пачынанняў, яны нам вельмі спатрэбяцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу губернатар Арлоўскай вобласці адзначыў, што бакі могуць нарошчваць супрацоўніцтва як у сферы прадуктаў харчавання, так і ў машынабудаванні, а таксама па іншых напрамках. "Вам ёсць што паказаць. Нам ёсць чаму павучыцца, што паглядзець", - сказаў ён.

Губернатар прапанаваў стварыць у Арлоўскай вобласці буйны лагістычны цэнтр для беларускай прадукцыі. "Адлегласць паміж намі невялікая. А рынак спажывання каласальны. У радыусе 300-400 км ад Арлоўскай вобласці пражываюць 45 млн чалавек. Рынак збыту вялізны", - адзначыў Вадзім Патомскі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту ініцыятыву.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы дарожнай карты супрацоўніцтва, у якой будуць вызначаны тэрміны рэалізацыі сумесных праектаў.