Сустрэча з генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Дзмітрыем Мезенцавым
- 1
Беларусь высока цэніць наданне ёй статусу наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў 12 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Дзмітрыем Мезенцавым.
"Думаю, для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва мы з цягам часу будзем уяўляць не толькі вялікі інтарэс, а прынясём вялікую карысць гэтай арганізацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў Дзмітрыя Мезенцава і ў яго асобе ўсіх членаў арганізацыі, наглядальнікаў у ёй у тым, што яны не пашкадуюць, што павысілі статус Беларусі ў гэтай арганізацыі. "Я разумею, што для Беларусі зроблена выключэнне, мы не адносімся да Азіяцкага рэгіёна, і гэта, напэўна, адзіная еўрапейская дзяржава, якая з'яўляецца наглядальнікам у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Для нас гэта вельмі важна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Гэта не проста чарговая пляцоўка для размоў, перагавораў, хоць і гэта важна. Усё ж такі там гіганцкія дзяржавы, гіганцкія эканомікі. Гэта ўяўляе для нас вялікі інтарэс нават з практычнага пункту гледжання, не гаворачы ўжо аб дыпламатыі, палітыцы і г.д.", - адзначыў беларускі лідар.
"Таму мы вельмі высока цэнім тое, што сёння супрацоўнічаем непасрэдна ў гэтай арганізацыі з кіраўнікамі іншых дзяржаў, з іншымі дзяржавамі. Гэта будзе на карысць", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Дзмітрыя Мезенцава як кіраўніка місіі наглядальнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі аб праведзенай выбарчай кампаніі. "Усё ж такі вы ўжо чалавек вопытны, многа дзе бывалі, бачылі выбары. Я хацеў бы проста аб'ектыўна пачуць ваша меркаванне і, калі можна, над чым нам яшчэ трэба папрацаваць у гэтым плане, каб менш прэтэнзій было, і перш за ўсё заходніх нашых партнёраў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што місія наглядальнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва не выявіла ніводнага парушэння нацыянальнага выбарчага заканадаўства пры правядзенні выбараў Кіраўніка беларускай дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што ўпершыню ШАС удзельнічала ў маніторынгу выбараў на тэрыторыі дзяржавы, якая мае ў арганізацыі статус наглядальніка.
"І тыя сустрэчы, якія адбыліся са старшынямі ўчастковых выбарчых камісій, членамі камісіі, з выбаршчыкамі, з якімі мы сустракаліся, прадстаўнікамі ў тым ліку апазіцыйных партый і рухаў, паказвалі, што гэта відавочна сёння для ўсіх: выбары прайшлі адкрыта, дэмакратычна. І выбары паказалі, што для грамадзян Беларусі права прагаласаваць за будучага Прэзідэнта ўспрымаецца як права ацаніць тое, што было зроблена дзеючай уладай, і па сутнасці пацвердзіць курс на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё сваёй краіны", - адзначыў Дзмітрый Мезенцаў.