Сустрэча з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэсурс Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Аб гэтым ён заявіў 9 лютага на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.

"Мы недастаткова выкарыстоўваем гэты рэсурс. Мы проста або не разумеем, што малаверагодна, або проста ў нас нейкія іншыя думкі. Хоць АДКБ - гэта не проста пляцоўка, а арганізацыя, дзе мы павінны сумесна дзейнічаць і дэманстраваць нашу рашучасць па абароне нашай бяспекі, бяспекі дзяржаў, якія ўваходзяць у Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы. І нават тыя, хто не ўваходзяць, павінны, гледзячы на нас, усё ж такі мець нейкую надзею, што мы забяспечым гэту бяспеку, перш за ўсё нашым суседзям", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што перш за ўсё мае на ўвазе народы, якія хацелі б жыць у бяспецы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся і на апошняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "З прэм'ерам (старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым) мы менш закраналі гэтыя пытанні. Але паколькі на эканоміку ўплываюць і падзеі побач, і крыху далей - усё гэта цяпер у глабалізаваным свеце ўзаемазвязана. Таму мы з Прэзідэнтам Расіі, напэўна, больш за палавіну часу абмяркоўвалі гэтыя важныя пытанні нашай бяспекі: усё, што адбываецца на заходнім напрамку, усё, што на поўдні ў нас з Украінай звязана, Сірыя - гэты вялікі клубок, адносіны Расійскай Федэрацыі з Турцыяй", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што на Беларусь гэта таксама ўплывае.

"Мы абмяркоўвалі пытанні эканомікі, абмяркоўвалі ўсе гэтыя праблемы ва ўзаемасувязі з бяспекай", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу Мікалай Бардзюжа адзначыў, што калі ў цэлым браць сітуацыю і глядзець, напрыклад, на Еўропу, на Блізкі Усход, то ў рэгіёне АДКБ яна адносна стабільная. "Як ні дзіўна, але тым не менш ва ўсіх нашых дзяржавах адносна стабільная абстаноўка. І вядома, гэта дзякуючы перш за ўсё намаганням вышэйшага кіраўніцтва краін у сістэме нацыянальнай бяспекі, якая створана ва ўсіх дзяржавах, адпаведным сілавым ведамствам", - сказаў генеральны сакратар Арганізацыі.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія на сённяшні дзень найбольш непакояць краіны АДКБ.

Што датычыцца Усходне-Еўрапейскага рэгіёна, то тут хваляванне перш за ўсё выклікае магчымасць або патэнцыяльная пагроза наплыву бежанцаў. У сувязі з гэтым АДКБ праводзяцца мерапрыемствы па лініі міграцыйных службаў, пагранічных ведамстваў. Другая праблема - узмацненне ваеннай інфраструктуры каля граніцы АДКБ. Мікалай Бардзюжа адзначыў, што сітуацыя трымаецца пад кантролем і пры неабходнасці будуць прымацца адпаведныя меры.